Дзеючая прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі пакінула сваю рэзідэнцыю, але не сышла з пасады прэзідэнта. Тысячы грузінаў дэманструюць на вуліцах Тбілісі з патрабаваннем новых парламенцкіх выбараў.
Пакуль у будынку парламента праходзіла цырымонія прысягі Міхаіла Кавелашвілі, прэзідэнт Саламэ Зурабішвілі пакідала рэзідэнцыю Арбеліяні. Перад рэзідэнцыяй яе чакалі грузіны. Яны выкрыквалі яе імя і праеўрапейскія лозунгі.
«Я пакідаю гэты будынак, але забіраю з сабой мандат законнасці ўлады», — сказала Саламэ Зурабішвілі прысутным і раскрытыкавала партыю мільярдэра Бідзіна Іванішвілі «Грузінская мара» за ўзурпацыю ўлады ды назвала яе кіраванне «расійскай дыктатурай».
Яна таксама заявіла, што наведае асобныя рэгіёны Грузіі, таму што патрабаванне новых выбараў «не можа быць пустым лозунгам». Новы год яна паабяцала сустрэць 31 снежня разам з пратэстоўцамі на праспекце Руставелі.
IAR/яс