Ад лістапада 2022 года ў розных рэгіёнах Расіі — ад Санкт-Пецярбурга да Сібіры — было дэмантавана або знішчана больш за дзясятак помнікаў, прысвечаных польскім грамадзянам. У большасці выпадкаў гэта былі знакі памяці пра ахвяр сталінскіх рэпрэсій, удзельнікаў Арміі Краёвай, дэпартаваных у савецкія лагеры.
У снежні 2024 года ў Ноўгарадскай вобласці быў зруйнаваны комплекс у гонар жаўнераў Арміі Краёвай. У кастрычніку з Левашоўскай пустэчы пад Пецярбургам прыбралі макет, які замяняў дэмантаваны годам раней польскі крыж. У Варкуце, у месцы былых лагераў, знішчылі помнік, усталяваны ў 1997 годзе польскімі і расійскімі ветэранскімі арганізацыямі.
У рэгіёнах Сібіры, на Урале, у Бураціі і Рэспубліцы Комі таксама зніклі памятныя крыжы, табліцы і магілы. Сярод ушанаваных асоб былі як ахвяры «польскай аперацыі» НКВД, так і навукоўцы польскага паходжання, што вывучалі культуру і прыроду Расіі пасля высылкі.
Дэмантажы часта адбываюцца без тлумачэнняў і невядома, кім. Паводле дадзеных расійскай службы BBC, актыўнае знішчэнне памятных знакаў іншаземцам пачалося з пачаткам вайны ва Украіне. Улада рэдка прызнае сваю датычнасць — помнікі знішчаюць «невядомыя асобы».
PAP/нг