Афіцыйная кітайская тэлекампанія CCTV паведаміла, што берагавая ахова «ўстанавіла марскі кантроль і ажыццяўляе суверэнную юрысдыкцыю» над Сэндзі-Кі, часткай спрэчных астравоў Спратлі.
Захоп рыфа адбыўся напярэдадні штогадовай сустрэчы паміж Філіпінамі і ЗША. Ваенныя вучэнні, якія пачынаюцца на наступным тыдні, уключаюць абарону ўзбярэжжа і наступальныя аперацыі на моры.
«Financial Times» адзначае, што пакуль нельга казаць пра поўную акупацыю Кітаем рыфа Сэндзі-Кей, бо няма ніякіх прыкмет пастаяннай ваеннай прысутнасці там. Паводле звестак філіпінскіх вайсковых уладаў, кітайская берагавая ахова «адышла» пасля таго, як усталявала кітайскі сцяг на акупаванай тэрыторыі.
Газета падкрэслівае, што Сэндзі-Кей — гэта пясчаная водмель плошчай крыху больш за 200 квадратных метраў, якая, тым не менш, мае стратэгічнае значэнне для Кітая, бо дазваляе яму пашырыць сваю юрысдыкцыю на 12-мільную зону, якая ўключае востраў Тыту, які Філіпіны выкарыстоўваюць для кантролю за перамяшчэннямі кітайскага флоту. Афіцыйная заява Кітая аб кантролі над Сэндзі-Кей таксама ўзмацняе асцярогі, што Пекін мае намер анексаваць іншыя незаселеныя рыфы і часткі ўзбярэжжа Паўднёва-Кітайскага мора.
Пекін упершыню за шмат гадоў афіцыйна ўсталяваў свой сцяг на раней незаселеным участку зямлі ў Паўднёва-Кітайскім моры, паведамляе Financial Times. Гэты крок павялічвае рызыку эскалацыі супрацьстаяння ў рэгіёне, асабліва ўлічваючы, што кітайскае заканадаўства дазваляе берагавой ахове спыняць і правяраць замежныя судны, якія лічацца агрэсарамі, і затрымліваць іх экіпажы.
Кітай і Філіпіны, а таксама Бруней, В'етнам, Малайзія і Тайвань ужо шмат гадоў не могуць дамовіцца аб статусе дзвюх груп невялікіх астравоў і рыфаў у Паўднёва-Кітайскім моры — архіпелага Спратлі (кітайская назва Наньша) на поўдні і Парасельскіх астравоў (Сіша) на поўначы, а таксама прылеглых вод — выключных эканамічных зон шырынёй 200 марскіх міль.
У 2016 годзе Пастаянны арбітражны суд у Гаазе пасля скаргі Філіпін пастанавіў, што дзейнасць Кітая вакол архіпелага Спратлі, дзе Пекін вызначыў 200-мільную эканамічную зону, з'яўляецца незаконнай. Кітайскія ўлады праігнаравалі прысуд.
РАР/вх