Беларуская Служба

«Скарбніца Мелоні» — апублікаваны спіс замежных падарункаў для кіраўніцы італьянскага ўрада

04.05.2025 08:51
Скарбніца Мелоні — гэта назва пакоя, дзе захоўваюцца падарункі, атрыманыя кіраўніцай італьянскага ўрада за больш чым 30 месяцаў яе знаходжання на пасадзе.
 .
Джорджыя Мелоні.governo.it

Спіс з 273 падарункаў з усяго свету быў апублікаваны пасля парламенцкага запыту Франчэска Баніфацы з партыі «Італія жыве».

Джорджыя Мелоні атрымала першы падарунак — інданезійскі жаночы касцюм — у лістападзе 2022 года падчас саміту G20 на Балі. Найбольшую шчодрасць праявілі лідары ​​афрыканскіх краін. У студзені 2023 года прэм'ер-міністр Лівіі Абдул Хамід Дбейбех падарыў Джорджыі Мелоні сем дываноў і два металічныя бранзалеты. Праз паўгода кіраўніца італьянскага ўрада вярнулася з той жа краіны з пяццю дыванамі і чатырма карцінамі.

Мелоні прывезла з Блізкага Усходу самыя раскошныя падарункі. Прэзідэнт італьянска-саудаўскай дзелавой рады падарыў ёй чаравікі на шпільках са скуры пітона з залатымі абцасамі. З Бахрэйна лідар «Братоў Італіі» прывезла маленькі пісьмовы столік і залаты пояс з жэмчугам. З Пакістана Мелоні вярнулася з пакункам рысу.

Дзень нараджэння Мелоні прыпаў на Форум энергетычнай бяспекі ў Абу-Дабі. Там яна атрымала брошку, пярсцёнкі, завушніцы і залаты ланцужок з цытрынамі і дыяментамі. У падарунак ад прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана ў Італію прыбыў набор фірмовых фарфоравых кубкаў і шэсць бутэлек белага віна.

Былы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн падарыў Джорджыі Мелоні керамічную міску, а ўрад Украіны — планшэт.

Паводле закону, прэм'ер-міністр не можа выкарыстоўваць падарункі ў асабістых мэтах. Яна можа ахвяраваць іх на дабрачыннасць або выставіць на ўсеагульны агляд. Тыя, што каштуюць больш за трыста еўра, адпраўляюцца ў Аддзел урадавых цырымоній, рэгіструюцца і перадаюцца ў распараджэнне Прэзідыума Рады Міністраў.

IAR/вх