Дыпламатычны канфлікт паміж Расій і Азербайджанам абвастрыўся пасля 27 чэрвеня, калі падчас ранішняга рэйду ФСБ па дамах азербайджанцаў у Екацярынбурзе былі забітыя браты Зіядзін і Гусейн Сафаравы. Паводле заявы Следчага камітэта РФ, яны нібыта былі звязаныя з забойствамі прадпрымальнікаў і масавым атручаннем алкаголем.
Генпракуратура Азербайджана ўзбудзіла крымінальную справу па факце катаванняў і наўмыснага забойства расійскімі сілавікамі грамадзян Азербайджана. У Баку спасылаюцца на вынікі медыцынскай экспертызы, якая ўстанавіла, што ў аднаго з братоў былі зламаныя амаль усе рэбры, дэфармаваная грудная клетка, выяўленыя гематомы на твары, нырках, у пахвіне. У другога – сляды збіцця па ўсім целе, у тым ліку ў раёне вачэй і вуснаў, адзін з пераломаў – са зрушэннем носа.
Масква адказала, што Зіядзін нібыта памёр ад сардэчнага прыступу, а ў Гусейна былі «неўдакладненыя траўмы».
У панядзелак азербайджанскі спецназ ўварваўся ў офіс расійскага агенцтва «Спутнік» у Баку, дзе былі затрыманыя два меркаваныя агенты ФСБ.
Расія даўно вядзе вострую палітыку супраць імігрантаў, а паліцыя раней не раз жорстка затрымлівала азербайджанцаў, але раней гэта так не ўплывала на адносіны дзвюх краін. Прычына – геапалітыка і ціск на Арменію, сказаў Польскаму радыё незалежны азербайджанскі журналіст Рауф Аруеў.
- Пасля збіцця азербайджанскага пасажырскага самалёта ў снежні Азербайджан аб'явіў аб скарачэнні прадстаўніцтва «Спутніка» да аднаго супрацоўніка ў Баку. Цяпер высвятляецца, што іх да гэтага часу – каля дзесяці чалавек. У нас ніхто не ведае, чым менавіта быў справакаваны дэманстратыўны напад на азербайджанцаў у Екацярынбурзе. Версіі гучаць розныя. Напрыклад, што Пуцін так і не прызнаў віну Расіі за гібель самалёта, а Азербайджан з таго часу скарачаў кантакты з РФ. Можа, Маскву раздражняе, што Баку не жадае забыць пра гэтую гісторыю і аднавіць эканамічнае ўзаемадзеянне. Некаторыя думаюць, што Баку стаў тармазіць ідэю рэалізацыі Зангезурскага калідора праз Арменію, і гэта яшчэ больш раззлавала Крэмль.
Блізкія да ўлады азербайджанскія выданні пачалі моцна крытыкаваць афіцыйную Маскву і асабіста Пуціна ды паказваць наступствы расійскіх абстрэлаў украінскіх гарадоў.
юл/вс