Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу пастанавіў, што Польшча парушыла права на прыватнае і сямейнае жыццё, гарантаванае артыкулам 8 Еўрапейскай канвенцыі па правах чалавека, у справе якую супраць Польшчы ў суд унесла жыхарка Кракава (ініцыялы А.Р.).
Рашэнне суда ў Страсбургу тычыцца прысуду Канстытуцыйнага суда ў Польшчы ад 22 кастрычніка 2020 года, які прызнаў неканстытуцыйнымі палажэнні, якія дазваляюць рабіць аборты ў выпадках цяжкіх анамалій плода.
Згаданае рашэнне было апублікаванае толькі 27 студзеня 2021 года. На той момант заяўніца была на 15 тыдні цяжарнасці, а аналізы выявілі сур'ёзны генетычны дэфект у плода. Жанчына паехала ў Нідэрланды, дзе цяжарнасць была перапынена ў прыватнай клініцы.
Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу адзначыў, што затрымка з публікацыяй рашэння Канстытуцыйнага суда і незразумелыя прававыя палажэнні стварылі значную прававую нявызначанасць, якая паўплывала на рашэнні жанчыны.
Тым самым дзяржава парушыла не толькі ейныя правы, але і Канвенцыю па правах чалавека.
Еўрапейскі суд па правах чалавека ў Страсбургу прысудзіў жанчыне кампенсацыю ў памеры 1 495 еўра за матэрыяльную шкоду і 15 000 еўра – за маральную шкоду.
IAR/аз