Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп з помпай прыняў у Белым доме прынца Махамеда бін Салмана. У Авальным кабінеце фактычнаму кіраўніку Саудаўскай Аравіі задалі пытанне аб забойстве і пачленаванні амерыканскага журналіста саудаўскага паходжання Джамаля Хашогі, аднак Трамп, насуперак высновам амерыканскай разведкі, настойваў, што прынц нічога не ведаў пра гэта. Пра гэта паведамляе BBC.
На вячэру ў Белы дом разам з Махамедам бін Салманам прыбыў знакаміты футбаліст Крыштыяну Раналду, які не прыязджаў у ЗША з 2016 года пасля таго, як супраць яго быў пададзены пазоў па абвінавачанні ў згвалтаванні.
Махамед бін Салман, які адмаўляе, што загадзя ведаў аб забойстве, здзейсненым у консульстве Саудаўскай Аравіі ў Стамбуле ў 2018 годзе, са свайго боку сказаў, што Эр-Рыяд «зрабіў усё, што трэба» для расследавання забойства, якое ён назваў «вялікай памылкай».
Трамп адчытаў журналістку ABC, якая задала прынцу пытанне аб забойстве Хашогі.
«Вы ўзгадваеце вельмі неадназначнага чалавека. Многім людзям гэты спадар, пра якога вы кажаце, не падабаўся. Падабаецца ён вам ці не падабаўся, але ўсякае бывае. Аднак ён [спадчынны прынц] нічога пра гэта не ведаў, – сказаў Трамп. – А вам не трэба ставіць у нязручнае становішча нашых гасцей».
Прынца ўпершыню прынялі ў Белым доме пасля таго забойства.
Пазней Белы дом паведаміў, што з Саудаўскай Аравіяй падпісаная сумесная дэкларацыя аб развіцці грамадзянскай атамнай энергетыкі, а сам прэзідэнт адобрыў «буйны абаронна-экспартны пакет», які ўключае будучыя пастаўкі каралеўству знішчальнікаў F-35.
Саудаўская Аравія і арабскія дзяржавы Персідскага заліву з'яўляюцца саюзнікамі ЗША ў супрацьстаянні Ірану, і ў іх размешчаныя амерыканскія ваенныя базы.
вс