Нідэрландскія сістэмы супрацьпаветранай абароны Patriot пачнуць абараняць польскае неба з 1 снежня. Нідэрланды таксама адпраўляюць некалькі сотняў салдат і сістэмы барацьбы з беспілотнікамі на ўсходнюю мяжу НАТА, паведамляе з Амстэрдаму карэспандэнтка Польскага радыё.
У бліжэйшыя дні ўсё абсталяванне будзе перавезенае аўтамабільным, чыгуначным і паветраным шляхам на мяжу Польшчы і Украіны. Агулам Нідэрланды перакінуць 300 салдат і афіцэраў, два комплексы супрацьпаветранай абароны Patriot і меншыя сістэмы, прызначаныя для барацьбы з беспілотнікамі.
Камандзір корпуса зенітнай артылерыі падпалкоўнік Уэслі Дэйксхорн сказаў у інтэрв'ю Польскаму радыё, што актуальна беспілотнікі зʼяўляюцца сурʼёзнай праблемай. «Існуе пастаянная гонка ўзбраенняў паміж беспілотнікамі і сістэмамі, якія з імі змагаюцца. Мы вучымся ў іншых краін, абменьваемся вопытам і ідэямі. Мы ўпэўненыя, што нашы сістэмы добра працуюць, бо мы іх праверылі падчас саміту НАТА ў Гаазе», – сказаў афіцэр.
Галоўная задача шасцімесячнай місіі нідэрландскай арміі – абарона лагістычнага цэнтра НАТА, у тым ліку аэрапорта «Ясёнка» каля Жэшава, праз які ва Украіну пастаўляецца шмат узбраення, а таксама стрымліванне Расіі і аказанне падтрымкі Кіеву.
вс