Беларуская Служба

Белы дом: Далей будуць новыя атакі на судны, якія перавозяць наркотыкі

25.11.2025 13:14
Прэс-сакратар Белага дома Караліна Лівіт абвясціла ў панядзелак, што амерыканскія войскі працягнуць здзяйсняць атакі на судны, якія падазраюцца ў перавозцы наркотыкаў у ЗША.
 ,
Паводле Вашынгтона, Нікалас Мадура кіруе наркатычным бізнесам PAP/EPA/RONALD PENA R

Лівіт падкрэсліла журналістам, што прэзідэнт Дональд Трамп задаволены вынікам удараў і што напады будуць працягвацца. Усяго з пачатку верасня ў выніку 21 нападу на лодкі загінула не менш за 83 чалавекі.

«Мы лічым рэжым Мадура нелегітымным, і прэзідэнт ЗША вельмі задаволены паспяховымі нападамі на наркатэрарыстаў, замежных тэрарыстаў, якія незаконна ўвозяць наркотыкі ў ЗША. Ён гэтага не пацерпіць. Чакаецца, што гэтыя атакі будуць працягвацца», – сказала яна.

У панядзелак Axios паведаміла са спасылкай на крыніцы, што прэзідэнт ЗША сказаў сваім памочнікам, што гатовы да прамой размовы з Мадура. Пакуль што няма вызначанай даты для патэнцыйнай размовы, якая ўсё яшчэ знаходзіцца на стадыі планавання.

«Ніхто не плануе ўвайсці і застрэліць яго ці выкрасці на дадзены момант. Я не магу сказаць ніколі, але гэта не план прама зараз, – сказаў урадавы чыноўнік, знаёмы з перамовамі. – Тым часам мы падрываем лодкі з наркотыкамі. Мы спынім кантрабанду наркотыкаў», – дадала крыніца.

У той жа дзень Дзяржаўны дэпартамент ЗША прызнаў венесуэльскі «Cartel de los Soles» («Картэль сонцаў») тэрарыстычнай арганізацыяй. Паводле звестак чыноўнікаў Вашынгтона, сярод яе членаў ёсць высокапастаўленыя чыноўнікі ўрада Венесуэлы, а групу, мяркуецца, узначальвае лідар краіны Нікалас Мадура. Каракас катэгарычна адмаўляе гэтыя абвінавачванні і сцвярджае, што абвінавачванні ва ўдзеле ў незаконным абароце наркотыкаў з'яўляюцца падставай для гвалтоўнай змены ўрада ў Венесуэле і захопу кантролю над венесуэльскімі нафтавымі радовішчамі.

У суботу агенцтва Reuters паведаміла, што ЗША гатовыя ў бліжэйшыя дні пачаць новы этап антынаркатычных аперацый у Карыбскім басейне, у тым ліку ля ўзбярэжжа Венесуэлы.

ав