Беларуская Служба

У Чэхіі змяняецца ўрад

05.12.2025 15:31
Андрэй Бабіш уступіць на пасаду прэм'ер-міністра ў бліжэйшы аўторак 9-га снежня.
     -
Прэзідэнт Чэхіі Пётр Павел падчас прэс-канферэнцыіPAP/Leszek Szymański

Гэтае рашэнне адкрывае яму шлях да пераабрання на пасаду прэм'ер-міністра Чэшскай Рэспублікі. Андрэй Бабіш абвясціў, што адмовіцца ад усіх сувязяў з холдынгавай кампаніяй Agrofert. Адміністрацыя прэзідэнта Чэхіі паведаміла, што Петр Павел прызначыць яго на пасаду ў аўторак.

Інфармаванне грамадскасці аб плане вырашэння канфлікту інтарэсаў было ўмовай, якую прэзідэнт паставіў перад лідарам руху ANO, які перамог на кастрычніцкіх выбарах.

Паводле закона, высокапастаўленыя чыноўнікі не могуць адначасова кантраляваць кампаніі, якія атрымліваюць субсідыі або рэалізуюць дзяржаўныя кантракты.

Падчас папярэдняга кіравання Бабіша сур'ёзныя асцярогі выклікаў той факт, што, хоць ён і перавёў свае актывы ў траставыя фонды, імі кіравалі яго блізкія сваякі.

На гэты раз Андрэй Бабіш запэўніў, што акцыямі Agrofert — адной з найбуйнейшых холдынгавых кампаній у краіне — будзе кіраваць траставы фонд, які ўзначальвае асоба, незалежная ад яго. Ён таксама абвясціў, што не будзе атрымліваць ніякага прыбытку ад дзейнасці кампаніі.

— Мае дзеці і жонка таксама не будуць мець ніякага ўплыву на Agrofert і не атрымаюць ад фірмы фінансавай выгады. Гэта незваротнае рашэнне, бо я не вярну свае акцыі нават пасля зыходу з палітыкі, а мае дзеці атрымаюць іх у спадчыну толькі пасля маёй смерці.

Пасля выбараў у Палату дэпутатаў рух ANO Андрэя Бабіша стварыў кааліцыю з правай партыяй еўраскептыкаў-аўтамабілістаў і ультраправым антыеўрапейскім рухам SPD. Ужо тыдзень прэзідэнт Петр Павел праводзіць нефармальныя кансультацыі з кандыдатамі ў міністры, вылучанымі гэтымі партыямі.

ПР/юл