Беларуская Служба

Мільярдэр Андрэй Бабіш зноў узначаліў урад Чэхіі

09.12.2025 16:03
 Андрэй Бабіш, паводле Forbes, уваходзіць у дзясятку самых багатых людзей краіны.
Андрэй Бабіш PAP/EPA/MARTIN DIVISEK

Новы прэм’ер Чэхіі Андрэй Бабіш заяўляе, што будзе адстойваць інтарэсы ўсіх грамадзян краіны. У аўторак, 9 снежня, прэзідэнт Чэхіі Петр Павел афіцыйна прызначыў лідара руху ANO на пасаду кіраўніка ўрада. Для Бабіша гэта вяртанне ў крэсла прэм’ера пасля чатырох гадоў у апазіцыі, ён змяняе на пасадзе кіраўніка правацэнтрысцкага кабінета Петра Фіялу.

Да зацвярджэння ўсяго складу ўрада Бабіш не мае поўных паўнамоцтваў. Перадача ўлады плануецца на працягу бліжэйшага тыдня.

«Я прыкладу ўсе намаганні, каб наш урад выканаў сваю праграму, а Чэшская Рэспубліка стала найлепшым месцам для жыцця на планеце», — заявіў палітык падчас атрымання намінацыі.

Прэзідэнт Павел адзначыў, што змена ўлады адбываецца ў складаных умовах: краіна сутыкаецца са значнымі эканамічнымі выклікамі і выклікамі для нацыянальнай бяспекі. На яго думку, новаму ўраду спатрэбяцца і стратэгічнае бачанне, і палітычная адвага.

71-гадовы Андрэй Бабіш стаў найстарэйшым у гісторыі Чэхіі прэм’ер-міністрам. На прызначэнне ён чакаў больш за два месяцы пасля перамогі ANO на выбарах. Рух сфармаваў кааліцыю з дзвюма правымі партыямі. Андрэй Бабіш, паводле Forbes, уваходзіць у дзясятку самых багатых людзей краіны. Новае прызначэнне адбылося на фоне доўгага канфлікту інтарэсаў. Бабіш з'яўляецца ўладальнікам холдынга Agrofert, які атрымлівае субсідыі ад Еўрасаюза.

pap/эж