У Нью-Ёрку і паўночным усходзе краіны дзейнічаюць папярэджанні аб снежнай буры, галалёдзе і шторме, сіноптыкі прагназуюць да 25 см снегу. Каліфорнія змагаецца са снежнай бурай, якая выклікала паводку, тры чалавека загінулі. Паведамляецца пра тысячы адмененых і затрыманых рэйсаў.
У штаце Нью-Ёрк у 36 акругах, у тым ліку на Манхэтэне, у Куінсе і Бронксе, абвешчана надзвычайнае становішча пасля пачатку моцнага снегападу. Завея з моцнымі парывамі ветру, якія дасягалі 80 км/г, прывяла да адключэння электраэнергіі і складаных дарожных умоў. Улады заклікаюць жыхароў да абмежавання паездак.
Мокры снег і ледзяны дождж прагназуюцца для Нью-Джэрзі і часткі Новай Англіі. Цягам выходных у раёне Вашынгтона, акруга Калумбія, магчымыя перабоі ў дарожным руху.
Прыблізна 60 мільёнаў жыхароў знаходзяцца пад пагрозай з-за непагадзі, у той час як больш за 122 мільёны чалавек падарожнічаюць на святы. Паводле звестак FlightAware, найбуйнейшай у свеце сістэмы адсочвання грамадзянскага паветранага руху ў рэжыме рэальнага часу, па стане на суботу пасля абеду было зарэгістравана ад 1581 да 1865 адмененых рэйсаў і 6883 затрыманых.
На заходнім узбярэжжы Каліфорнія змагаецца з суровым штармавым надвор'ем. Губернатар Гэвін Ньюсам увёў надзвычайнае становішча ў некалькіх акругах, у тым ліку ў Лос-Анджэлесе і Рыверсайдзе. У паўночнай частцы штата пацверджаныя тры смерці ў выніку паводкі. У некаторых рэгіёнах зафіксавана рэкордная колькасць ападкаў, а рызыка апоўзняў асабліва высокая ў раёнах, пацярпелых ад нядаўніх лясных пажараў.
У гарах Сьера-Невада былі абвешчаныя папярэджанні аб лавінах. Сіноптыкі прагназуюць да трох метраў снегу, што можа зрабіць паездкі па горных дарогах надзвычай небяспечнымі. На Каляды на заснежанай шашы на паўночным усходзе Каліфорніі адбылося сутыкненне некалькіх транспартных сродкаў, улады заклікалі жыхароў сачыць за сітуацыяй.
У Мічыгане вецер абарваў лініі электраперадачы, пакінуўшы больш за 35 000 хатніх гаспадарак без электрычнасці.
ПР/юл