1 студзеня 2026 года пачынаецца старшынства Кіпра ў Савеце ЕС. Урад у Нікасіі мае намер працягваць працу над некаторымі прыярытэтамі, якія раней прасоўвалі Польшча і Данія.
Старшынства Кіпра ў Савеце ЕС будзе доўжыцца шэсць месяцаў і завершыцца 30 чэрвеня 2026 года.
Нікасія прадставіла пяць абласцей, у якіх, на яе думку, ЕС павінен дасягнуць аўтаноміі: уласныя абарончыя магчымасці, канкурэнтаздольнасць, адкрыццё на свет, прасоўванне супольных каштоўнасцей і распрацоўка амбіцыйнага бюджэту ЕС.
«Еўропа павінна быць гатовая абараняць сябе і сваіх грамадзян. Яе ўстойлівасць павінна быць адлюстравана ў новым бюджэце», – заявіў у снежні прэзідэнт Кіпра Нікас Хрыстадулідзіс.
Што датычыцца знешняй палітыкі ЕС, Кіпр імкнецца працягваць умацоўваць адносіны з Вялікабрытаніяй, Канадай і ЗША, а таксама з паўднёвымі суседзямі супольнасці, у тым ліку з паўночнаафрыканскімі краінамі і партнёрамі ў рэгіёне Персідскага заліва.
Афіцыйная цырымонія інаўгурацыі новага старшынства ў Савеце ЕС адбудзецца 7 студзеня на Кіпры.
Падчас шасцімесячнага старшынства Кіпра запланаваны тры саміты ЕС, а таксама 19 нефармальных і 52 афіцыйныя сустрэчы міністраў ЕС.
PAP/аз