Сёння (3 лютага) уступаюць у сілу правілы, якія забараняюць імпарт гэтага паліва з Расіі. Увесь працэс падзелены на этапы.
Поўная забарона ўступіць у сілу наступнай восенню. Венгрыя ўжо абвясціла, што абскардзіць правілы ў Еўрапейскім судзе. Правілы таксама крытыкуе Славакія.
Пасля дзесяцігоддзяў залежнасці ад расійскага газу, шантажу Крамля высокімі цэнамі або магчымасцю адключэння паставак газу, Еўрапейскі Саюз нарэшце завяршае гэты раздзел сваёй гісторыі. Але Венгрыя адмаўляецца з гэтым мірыцца і мае намер працягваць імпартаваць газ з Расіі. Яна лічыць, што правілы парушаюць права выбару крыніц энергіі і пастаўшчыкоў.
«Любая краіна можа падаць скаргу на правілы ЕС. Гэта не першы выпадак», – пракаментавала прэс-сакратар Камісіі Ганна-Кайса Ітконен, дадаўшы: «Мы будзем абараняць свае прапановы ў судзе».
Пакуль суддзі не вынесуць рашэнне па гэтым пытанні, Венгрыя павінна выконваць правілы; у адваротным выпадку на яе могуць падаць у суд і прымусіць выплаціць фінансавыя штрафы.
Што тычыцца дакладных тэрмінаў, то ніводная кампанія з ЕС не можа заключаць новыя кантракты на пастаўкі газу з Расіі. Кароткатэрміновыя кантракты пачнуць спыняцца ў сярэдзіне года, поўная забарона на імпарт звадкаванага прыроднага газу ўступіць у сілу ў студзені, а доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку газу, які пастаўляецца па трубаправодах, у верасні наступнага года. Гэта пры ўмове, што да таго часу будуць запоўненыя газасховішчы ў Еўропе. У адваротным выпадку поўная забарона на імпарт газу з Расіі ўступіць у сілу ў лістападзе.
ав