Гісторыя польскага радыёвяшчання пачалася ў 1920-я. Першая пробная перадача прагучала ў 1925 годзе, а 18 красавіка 1926-га станцыя ў Варшаве афіцыйна выйшла ў эфір словамі: «Halo, halo, Polskie Radio Warszawa…». З цягам часу з’явіліся рэгіянальныя студыі ў Кракаве, Познані, Катавіцах, Вільні і Львове. Радыё хутка стала часткай паўсядзённасці: гучалі музыка, літаратурныя перадачы, звесткі для вяскоўцаў, прагнозы надвор’я і першыя радыёспектаклі.
У верасні 1939 года радыё адыграла асаблівую ролю. Менавіта праз эфір жыхары Варшавы даведваліся пра бамбёжкі, слухалі прамовы мэра і навіны з фронту. Апошнім акордам перад маўчаннем стаў канцэрт Шапэна ў выкананні Уладзіслава Шпільмана. Падчас акупацыі радыё перайшло ў падполле, а ў 1944-м голасам паўстанцкай Варшавы была станцыя «Маланка».
Пасля вайны радыё хутка адрадзілася. З’явіліся новыя праграмы, у тым ліку легендарная Тройка. Асобнай з’явай стаў Тэатр Польскага радыё і радыёраманы, а таксама папулярныя аўтарскія перадачы і музычныя праграмы.
Радыё было сведкам гісторыі, спадарожнікам спорту, крыніцай культуры і забаў. Для многіх слухачоў яно заставалася «акном у свет» і месцам, дзе слова і гук ствараюць вобразы мацней за карцінку.
PAP/нг