Ізраіль і ЗША пачалі атаку на Іран сёння раніцай. Пачатак ваеннай аперацыі ў Іране пацвердзіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Ён паведаміў, што гэта супольная акцыя.
Марцін Кшыжаноўскі з Ягелонскага ўніверсітэта гаворыць Польскаму радыё, што ў бліжэйшыя гадзіны можна чакаць далейшых ізраільска-амерыканскіх атак на важныя аб'екты ў Іране:
- Найбольш верагодна, што Ізраіль і Злучаныя Штаты абралі сцэнар поўнамаштабнай вайны, гэта значыць не абмежаваныя, дакладныя ўдары, а шматдзённую кампанію. Апошні раз, падчас Дванаццацідзённай вайны, пасля першых ізраільскіх бомб трэба было чакаць іранскага адказу прыкладна 18 гадзін, таму сённяшні дзень будзе вырашальным.
На думку эксперта, сённяшняя атака на Іран азначае, што дыпламатыі не далі шанцу, і што было прынята рашэнне парушыць міжнароднае права, напаўшы на члена ААН. Больш за тое, гэта азначае ўзмацненне напружанасці на Блізкім Усходзе:
- На дадзены момант яны выкарыстоўваюць бомбы і ракеты, каб скараціць як ракетныя, так і ядзерныя праграмы Ірана да прымальнага ўзроўню. Ці будуць гэтыя атакі больш эфектыўнымі, чым падчас Дванаццацідзённай вайны, калі быў абвешчаны поспех і знішчэнне ядзернай праграмы Ірана, пакуль невядома, таму ацэнка цяперашніх атак пакуль заўчасная.
Паводле слоў Марціна Кшыжаноўскага, сённяшняя атака, пакуль, можа мала паўплываць на геапалітычную сітуацыю за межамі Блізкага Усходу:
- Пакуль што, мы не адчуем прамога ўплыву, хоць калі вайна зацягнецца, існуе значная верагоднасць росту цэн на нафту і парушэнняў у руху танкераў. Акрамя таго, чым больш Злучаныя Штаты ўдзельнічаюць у падзеях на Блізкім Усходзе, тым менш увагі яны могуць надаць іншым рэгіёнам свету, асабліва Украіне.
Іран адказвае на амерыкана-ізраільскія атакі. У адказ ён нанёс удары па ўсіх амерыканскіх і ізраільскіх ваенных базах на Блізкім Усходзе. Раней паступалі паведамленні пра атакі ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах, Бахрэйне, Іарданіі і Кувейце.
ав