Германія не будзе ўдзельнічаць у вайне супраць Ірана — пра гэта заявіў у Бундэстагу міністр абароны краіны Барыс Пісторыус. Палітык падкрэсліў, што Берлін не ўдзельнічае ў канфлікце, але будзе імкнуцца спрыяць спыненню эскалацыі і гвалту. У той жа час кіраўнік нямецкага Мінабароны раскрытыкаваў ЗША і Ізраіль за адсутнасць выразнай «стратэгіі выхаду» з канфлікту:
«На працягу многіх гадоў міжнародная супольнасць і Еўрапейскі саюз спрабавалі стрымаць разбуральную ролю Ірана шляхам перамоў, санкцый і міжнародных пагадненняў. Безвынікова. Наадварот, уплыў Ірана ў рэгіёне толькі ўзмацніўся: расійскія войскі таксама ваююць з выкарыстаннем іранскай зброі, і ўкраінцы гінуць ад яе кожны дзень. Рэжым у Тэгеране быў і застаецца сур’ёзнай пагрозай для Ізраіля, ЗША, усяго Блізкага Усходу, але таксама і для нас у Еўропе».
Барыс Пісторыус дадаў, што Германія падтрымлівае кантакты з урадамі Ізраіля, ЗША і краін ЕС і заклікае Іран спыніць атакі і «не ўцягваць чарговыя краіны ў гэты канфлікт».
iar/эж