Кіраўнічка знешняй палітыкі ЕС негатыўна ацэньвае рашэнне ЗША аб зняцці санкцый на нафту, якая грузіцца на танкеры.
Нагадаем, Злучаныя Штаты Амерыкі часова знялі санкцыі на набыццё расійскай нафты. Гэта рэакцыя на рост цэн на нафту, выкліканы вайной з Іранам. Згодна з заявай, апублікаванай на сайце Міністэрства фінансаў, дазвол распаўсюджваецца на расійскую нафту і звязаныя з ёй тавары, загружаныя на судны да поўначы 12 сакавіка. Дазвол на пакупку будзе дзейнічаць цягам 30 дзён.
Гэта датычыцца грузаў, размешчаных у трыццаці месцах па ўсім свеце. Паводле ацэнак, на борце танкераў у цяперашні час знаходзіцца 120-130 мільёнаў барэляў расійскай нафты. Іх кошт па бягучых цэнах перавышае 10 мільярдаў долараў, нават з улікам магчымых зніжак.
Кая Калас падкрэсліла неабходнасць узмацнення ціску на Маскву, а не паслаблення санкцый. Расію трэба прымусіць да перамоваў аб спыненні вайны, лічыць кіраўнічка знешняй палітыкі ЕС:
— Паслабленне санкцый ЗША на расійскую нафту — гэта небяспечны прэцэдэнт, таму што мы павінны рабіць усё магчымае, каб у Расіі было менш грошай на вядзенне вайны. Расія паказала, што яна сапраўды не хоча весці перамовы і фактычна ўзмацняе свае напады на Украіну. Мы павінны прыняць 20-ы пакет санкцый, які закране ценявы флот, і пагадзіцца на крэдыт у памеры 90 мільярдаў еўра для Украіны. Усё гэта вельмі важна.
Нагадаем, узмацненне санкцый супраць Расіі і крэдыт Украіне ў цяперашні час блакуе Венгрыя.
Вайна супраць Украіны, з'яўляецца адной з галоўных тэм сустрэчы міністраў замежных спраў ЕС у Бруселі.
IAR/аз