Беларуская Служба

У ноч з суботы на нядзелю Польшча і ЕС пяройдуць на летні час

28.03.2026 18:03
У 2018 годзе Еўракамісія правяла апытанне наконт змены часу, і больш за 80% жыхароў супольнасці выказаліся за тое, каб адмовіцца ад пераводу стрэлак.
ГадзіннікФото: pixabay.com

У нядзелю, 29 сакавіка, а 02:00 гадзіне ў Польшчы адбудзецца пераход на летні час. Гэта азначае, што ў ноч з суботы на нядзелю стрэлкі гадзіннікаў трэба перавесці на адну гадзіну наперад.

У Польшчы пераход на летні час адбываецца ў апошнюю нядзелю сакавіка, у сваю чаргу ў апошнюю нядзелю кастрычніка а 03:00 гадзіне стрэлкі пераводзяць на адну гадзіну назад, пераходзячы на зімовы час.

У Еўрапейскім Саюзе парадак пераходу на летні час вызначаецца дырэктывай Еўрапейскага парламента і Рады ЕС ад 2000 года. Пачатак і заканчэнне летняга часу адзіныя для ўсіх дзяржаў-членаў ЕС.

Пераход на летні або зімовы час выклікае спрэчкі. Прыхільнікі пераводу стрэлак, у прыватнасці, тлумачаць, што змена часу дазваляе людзям даўжэй знаходзіцца пры сонечным святле.

Праціўнікі ж пераводу сцвярджаюць, што любая змена выклікае сур'ёзную дэзарганізацыю ў жыцці чалавека. Перавод стрэлак нават на адну гадзіну наперад ці назад становіцца прычынай раздражняльнасці і стомленасці ў пераходны перыяд, калі арганізм адаптуецца да новага часу.

У 2018 годзе Еўракамісія правяла апытанне наконт змены часу, і больш за 80% жыхароў супольнасці выказаліся за тое, каб адмовіцца ад пераводу стрэлак вясной і восенню. Брусель ужо адобрыў адмову ад змены часу – засталося вырашыць арганізацыйныя пытанні.

Змена часу дзейнічае ў Польшчы з 1977 года, хоць першыя спробы яе ўвядзення мелі месца ў 1940-х гадах. У Еўропе перавод стрэлак быў матываваны эканоміяй энергіі, хоць цяпер гэтае пытанне стала менш актуальным у сувязі з развіццём энергаашчадных тэхналогій.

вс