Паводле «Аль-Джазіры», Іран хацеў бы, каб Ізраіль абмежаваў аперацыю ў паўднёвым Ліване, а спыненне агню распаўсюджвалася і на «Хезбалу». Аднак у апошнія гадзіны Ізраіль працягваў абстрэлы цэляў у Ліване. Амерыканцы разглядаюць магчымасць размарозкі іранскіх актываў.
Невядома, як доўга будуць доўжыцца перамовы паміж дэлегацыямі. Іранскія СМІ паведамілі, што калі будзе дасягнутая рамачная дамоўленасць, рабочыя групы могуць заставацца ў Ісламабадзе некалькі дзён.
Першапачаткова іранская і амерыканская дэлегацыі павінны былі знаходзіцца ў асобных пакоях, а прапанаваныя пагадненні павінны былі прадстаўляць гаспадары сустрэчы. Паводле катарскага тэлеканалу, дэлегацыі праводзяць прыватныя дыскусіі, у якіх таксама ўдзельнічаюць прадстаўнікі Пакістана. Пасля першага раўнда перамоваў быў перапынак.
Пакуль у Пакістане ішлі перамовы, некалькі караблёў ВМС ЗША прайшлі праз Армузскі праліў, паведаміў амерыканскі чыноўнік журналісту Axios. Паводле крыніцы, рух не быў узгоднены з Іранам. Гэта першы раз, калі амерыканскае судна прайшло праз праліў з пачатку канфлікту з Іранам. Іранскае дзяржаўнае тэлебачанне запярэчыла гэтаму паведамленню ЗША.
Аднак прэзідэнт Дональд Трамп напісаў у сацыяльных сетках, што Злучаныя Штаты пачалі ачыстку Армузскага праліва ад мін. Амерыканскі кіраўнік заявіў, што былі патопленыя ўсе 28 іранскіх мінных загараджальнікаў.
Дональд Трамп дадаў, што працэс ачысткі Армузскага праліва – гэта паслуга для шматлікіх краін свету, у тым ліку Кітая, Паўднёвай Карэі, Японіі, Германіі і Францыі. «Дзіўна, што ў іх няма ні смеласці, ні жадання зрабіць гэта самім», – напісаў Дональд Трамп на платформе Truth Social.
ПР/юл