Прэмʼер-міністр Дональд Туск запрасіў Папу Рымскага Льва XIV у Польшчу. Кіраўнік польскага ўраду падкрэсліў, што сустрэча са Святым Айцом яго ўзрушыла. Дональд Туск таксама перадаў пасланне Папы палякам.
— Святы Айцец таксама перадаў мне вельмі важную думку — важную для ўсіх палякаў, для ўсёй Польшчы. Ён звярнуўся да ўсіх палякаў, каб мы не апускалі галовы, не гублялі надзеі, а, наадварот, будавалі сілы для дабра і абʼядноўваліся вакол добрых спраў. Паводле яго, гэта ўсё яшчэ магчыма, а свет не абавязкова павінен апусціцца ў хаос асабліва, калі добрыя людзі, людзі добрай волі знойдуць адзін аднаго і будуць дзейнічаць разам, — перадаў словы Папы Рымскага прэм’ер.
Дональд Туск паведаміў, што дата візіту Папы ў Польшчу пакуль не вызначаная, але адзначыў, што ён можа адбыцца ў 2028 годзе.
Раней прэзідэнты Анджэй Дуда і Караль Наўроцкі запрасілі Льва XIV у Польшчу. Яны хацелі, каб Папа прыехаў у санктуарый у Гетшвалд (поль. Gietrzwałd) ля Ольштына ў наступным годзе на 150-ю гадавіну зʼяўленняў Дзевы Марыі. Затым запрашэнне аднавіў польскі епіскапат.
Наступным пунктам візіту Дональда Туска ў Італію зʼяўляецца сустрэча з прэмʼер-міністрам краіны Джорджыяй Мелоні.
IAR/аз