Жыхар Бельгіі выйграў 174 млн 984 тыс. 088 еўра ў латарэю EuroMillions, адгадаўшы ўсе сем лічбаў. Пераможца такім чынам пабіў нацыянальны рэкорд, паведаміла Бельгійская нацыянальная латарэя.
Гулец угадаў усе пяць галоўных лічбаў (2, 7, 23, 44 і 46), і дзве – дадатковыя (3 і 5). Падрабязнасці пра пераможцу не раскрываюцца.
Паводле інфармацыі Бельгійскай нацыянальнай латарэі, гэта найбуйнейшы выйгрыш у EuroMillions у гісторыі Бельгіі. Папярэдні нацыянальны рэкорд быў устаноўлены ў кастрычніку 2016 года: тады гулец выйграў 168 млн еўра.
EuroMillions – гэта найбуйнейшая транснацыянальная еўрапейская латарэя, запушчаная ў 2004 годзе. Яна вядомая сваімі гіганцкімі джэкпотамі, якія могуць дасягаць 250 млн еўра.
Каб прыняць удзел, гульцу трэба выбраць пяць асноўных лічбаў (ад 1 да 50) і дзве дадатковыя (ад 1 да 12). Каб сарваць джэкпот, неабходна адгадаць усе сем лічбаў. Усяго ў гульні 13 прызавых катэгорый. Тыражы праходзяць два разы на тыдзень – па аўторках і пятніцах.
Білеты прадаюцца ў афіцыйных пунктах шэрагу еўрапейскіх краін (Вялікабрытанія, Францыя, Іспанія, Аўстрыя, Бельгія, Ірландыя, Люксембург, Партугалія і Швейцарыя), а таксама анлайн на сайтах нацыянальных латарэй. У Польшчы гэтая гульня не праводзіцца.
вс