Беларуская Служба

ЕС пагадзіўся падоўжыць эканамічныя санкцыі супраць Расіі на год

24.06.2026 17:03
Гэта першы выпадак, калі ЕС падаўжае эканамічныя санкцыі на год. 
Сцягі Еўрасаюзафота: pixabay.com/CC0 Public Domain

Карэспандэнтка Польскага радыё ў Бруселі Бэата Пламэцка высветліла, што рашэнне прынялі паслы 27 краін у Бруселі. Раней зялёнае святло далі еўрапейскія лідары на мінулым тыдні на саміце. Гэта першы выпадак, калі ЕС падаўжае эканамічныя санкцыі на год. Раней ён падаўжаў іх кожныя шэсць месяцаў. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што Віктар Орбан страціў уладу ў Венгрыі, і гэта ён выступаў супраць такога кроку, бо не хацеў губляць магчымасць шантажаваць ЕС кожныя шэсць месяцаў.

12-месячнае падаўжэнне санкцый — гэта прарыўное рашэнне, якое ўносіць пэўную стабільнасць у працу Еўрапейскага Саюза. Усю працэдуру трэба будзе праходзіць толькі раз на год. Мэта санкцый  пазбавіць Расію асноўных крыніц даходу і аслабіць яе здольнасць весці вайну ва Украіне. Сярод іншага, эмбарга на імпарт нафты, вугалю, золата, звадкаванага прыроднага газу, а таксама алюмінію з Расіі застаецца ў сіле да канца чэрвеня наступнага года. Гэта ж тычыцца абмежаванняў на гандаль, прамысловасць, транспарт і экспарт, у тым ліку тэхналогіі двайнога прызначэння і тавары грамадзянскага і ваеннага прызначэння. Еўрапейская паветраная прастора застанецца закрытай для расійскіх самалётаў, а многія расійскія банкі застануцца адключанымі ад міжнароднай сістэмы фінансавых разлікаў SWIFT. Санкцыі таксама будуць працягваць дзейнічаць у дачыненні да некалькіх сотняў суднаў з так званага ценявога флоту, якія перавозяць расійскую нафту.

Пасля нападу Расіі на Украіну ЕС увёў 20 пакетаў санкцый. У цяперашні час вядзецца праца над 21-м пакетам.

IAR/ав