Нямецкі суд наклаў штраф за парушэнне аўтарскіх правоў на кампанію, якая стварае песні з выкарыстаннем штучнага інтэлекту. Гэта першае падобнае рашэнне ў Еўропе, якое тычыцца музыкі, а не тэкстаў песень. Справа была ўзбуджана нямецкай арганізацыяй па ахове аўтарскіх правоў.
Прадстаўнікі арганізацыі Gemа (поўная назва Society for Musical Performing and Mechanical Reproduction Rights) распавялі ў судзе, як яны замовілі рэміксы шасці папулярных песень у дадатку Suno. Былі прадстаўленыя тэксты песень і апісанні стылю такіх кампазіцый, як «Forever Young», «Big in Japan» і «Mambo No. 5». Запыт на новыя версіі песень не ўключаў арыгінальных мелодый, аднак штучны інтэлект стварыў песні, амаль ідэнтычныя арыгіналам. Прадстаўнікі Gemа заявілі, што, насуперак заявам Suno, яна захоўвае музычныя прадукты ў сваіх уласных рэсурсах і выкарыстоўвае іх для стварэння песень.
Суд вынес рашэнне на карысць арганізацыі Gemа, забараніў выкарыстоўваць песні без згоды праваўладальнікаў і загадаў раскрыць сумы, атрыманыя ад парушэння аўтарскіх правоў. Такім чынам, памер кампенсацыі пакуль не названы.
Гэта першае падобнае рашэнне ў Еўропе. У ЗША Suno ўжо прайграла падобную справу кампаніі Warner Music. У сваю чаргу, Gema год таму выйграла пазоў супраць OpenAI, але адносна напісання тэкстаў песень пры дапамозе ШІ. Ва ўсіх гэтых справах тыя, хто прайграў у судзе, абскарджваюць рашэнні, і ніводнае з іх пакуль не з'яўляецца канчатковым. Аднак яны дэманструюць, што артысты могуць абараняць свае правы, калі кампаніі атрымліваюць прыбытак дзякуючы выкарыстанню штучнага інтэлекту.
IAR/нг