Французскі суд пацвердзіў рашэнне аб змяшчэнні былой кіраўніцы тэлеканала «Russia Today» у Францыі Ксеніі Фёдаравай пад хатні арышт. Расіянка змагаецца за тое, каб застацца ў Францыі.
Некалькі дзён таму ўрад Францыі вырашыў выслаць яе з краіны, абвінаваціўшы ў распаўсюджванні крамлёўскай прапаганды. Французскія ўлады апраўдваюць свае дзеянні барацьбой з умяшаннем Крамля і дэзінфармацыяй.
Ксеніі Фёдаравай было загадана заставацца дома і штодня з'яўляцца ў паліцэйскі ўчастак, пакуль не будзе выкананы загад аб высылцы. Яе актывы таксама былі замарожаныя на шэсць месяцаў. Былая кіраўніца «Russia Today» спадзявалася адмяніць гэтыя абмежаванні, але Адміністрацыйны суд у Парыжы адхіліў яе просьбу.
У апошнія гады, пасля забароны вяшчання «Russia Today» у Францыі, Фёдарава стала адной з самых вядомых фігур у правых СМІ. Па меры росту яе папулярнасці і ўплыву спрэчкі вакол яе заяў абвастрыліся. Сярод іншага, яна сцвярджала, што гэта Захад справакаваў вайну ва Украіне і рухаецца да супрацьстаяння з Расіяй.
Сама Ксенія Фёдарава заяўляе, што яна зʼяўляецца ахвярай цэнзуры. Эксперты падкрэсліваюць, што юрыдычная спрэчка можа працягвацца гадамі, бо рашэнне аб яе высылцы мае выключны характар і выклікае юрыдычныя пытанні.
IAR/аз