Венгерскі парламент абраў новага прэзідэнта краіны. Як і чакалася, ім стаў адзіны кандыдат, якога падтрымала кіроўная партыя «Ціса», юрыст Андраш Бака.
За 73-гадовага былога старшыню Вярхоўнага суда Венгрыі прагаласавалі ўсе дэпутаты ад групоўкі Петэра Мадзьяра. Пры 140 галасах «за» супраць кандыдатуры выступілі толькі шэсць прадстаўнікоў ультраправай партыі «Наша Айчына». Партыя «Фідэс», якая кіравала краінай апошнія 16 гадоў, галасаванне байкатавала.
Новы прэзідэнт заявіў пра неабходнасць прымірэння ў краіне. Паводле яго, трэба даць ацэнку дзеянням мінулага, але адначасова аднавіць асновы грамадскай дыскусіі і канстытуцыйнага парадку.
— Будучыня дэмакратыі залежыць не толькі ад таго, ці прыйдзе наступнае пакаленне на выбары, але і ад яго адказнасці за нашы агульныя справы, гатоўнасці задаваць пытанні, дыскутаваць, удзельнічаць і браць на сябе адказнасць, — заявіў Андраш Бака ў парламенце.
Новага прэзідэнта ўжо павіншавалі многія палітыкі, у тым ліку прэм’ер-міністр і члены ўрада.
Андраш Бака афіцыйна ўступіць на пасаду праз восем дзён. Да гэтага часу абавязкі прэзідэнта працягне выконваць спікер парламента.
IAR/нг