Расія вядзе вайну супраць Украіны ў імя пашырэння г. зв. рускага свету. Часткай гэтага свету лічыць сябе і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Не сакрэт, што і частка беларусаў — такіх жа поглядаў. Карэннае насельніцтва большай часткі тэрыторыі Расіі — нярускае. Аднак яно складае меншасць і не мае уплываў на рашэнні Крамля. Таму Крэмль выкарыстоўвае і сваіх грамадзян — «нацменаў», і так жа, у выпадку патрэбы, выкарыстоўвае Беларусь — для агрэсіі супраць Украіны.
Беларусаў можа зацікавіць інфармацыя, якую прадставіла ў Варшаве літоўская даследчыца Сімона Уксайце (Simona Uksaitė), аналітык па пытаннях палітыкі Дэпартамента стратэгічных камунікацый Узброеных сіл Літвы.
Парадаксальна, але за г. зв. рускі свет ідуць ваяваць нярускія — ад Брэста да Уладзівастока. Усе яны — ахвяры расійскай прапаганды. Як яна дзейнічае ў нацыянальных рэспубліках Расіі, дзе пражываюць нярускія народы, — Бураціі, Башкартастане і Чачні, Сімона Уксайце расказала падчас міжнароднай канферэнцыі «Савецкая Цэнтральная Азія як таталітарная лабараторыя», арганізаванай Інстытутам салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага. Праект фінансаваўся са сродкаў, выдзеленых міністрам навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы ў рамках праграмы «Вектары навукі».
— Мы часта бачым і чуем расійскую прапаганду. Думаю, апошнім часам гэтае словазлучэнне стала свайго роду модным тэрмінам. Праводзіцца шмат даследаванняў, прысвечаных заходняй аўдыторыі і таму, як расійскія стратэгічныя наратывы і іншыя падобныя паведамленні дзейнічаюць тут, у Еўропе, у краінах Балтыі, Польшчы і г. д. Аднак значна менш увагі надаецца таму, што адбываецца ў самой Расіі. Звычайна ў нас існуе такі стэрэатып: усё, што гавораць палітыкі і высокапастаўленыя чыноўнікі, адразу ж успрымаецца і прымаецца як нешта нармальнае і агульнапрынятае, як адзіны пункт гледжання. Таму расійскія рэгіёны, асабліва тыя, дзе пражывае пераважна нярускае этнічнае насельніцтва, вывучаюцца галоўным чынам праз сацыяльную і эканамічную прызму. Асноўны аргумент, якім тлумачыцца іх удзел у гэтай вайне, заключаецца ў тым, што гэтыя рэгіёны, па сутнасці, бедныя. У сваіх даследаваннях я пераважна абапіраюся на тэорыю гегеманісцкага дыскурсу. Згодна з гэтай тэорыяй, каб палітычны альянс захоўваў уладу, ён павінен зноў і зноў фармуляваць свой наратыў, надаваць яму лагічнасць і зразумеласць, падаючы яго ўсёй аўдыторыі як нешта само сабой зразумелае, тое, што згодна са здаровым сэнсам. Аднак у той жа час тэорыя дыскурсу сцвярджае, што чым часцей наратыў нанова фармулюецца і ўзнаўляецца, тым больш выразнымі становяцца ўнутраныя супярэчнасці ў ім. Калі гэтыя супярэчнасці пачынаюць праяўляцца, гегеманісцкая стабільнасць разбураецца. Аднак у Расіі мы, па сутнасці, гэтага не назіраем.
Сімона Уксайце абрала для даследавання тры рэспублікі Расійскай Федэрацыі з этнічна разнастайным насельніцтвам. Даследчыца выкарыстала даныя праекта «200», які рэалізуе расійскі апазіцыйны СМІ «Медиазона». Назва праекта паходзіць ад выразу «груз 200», якім абазначаюць цела загінуўшага вайскоўца, што транспартуецца ў труне да месца пахавання. У межах гэтага праекта журналісты збіраюць з адкрытых крыніц звесткі пра людзей, якія загінулі падчас вайны Расіі супраць Украіны. Гэтыя даныя можна фільтраваць паводле рэгіёнаў, воінскіх званняў і шэрагу іншых параметраў.
Сімона Уксайце засяродзіла ўвагу на этнічным аспекце.
— Гэтая вайна, па сутнасці, з'яўляецца каланіяльнай і мае шэраг характэрных прыкмет. Першая рэспубліка, якую я разглядаю, — Башкартастан, з якім мяне звязваюць і сямейныя повязі: мая бабуля родам адтуль. Я абрала яго як прыклад рэгіёна з сярэднімі паказчыкамі колькасці загінуўшых. Бурація адносіцца да рэгіёнаў з высокімі стратамі, а Чачня — да рэгіёнаў з найніжэйшымі паказчыкамі страт. У цэлым я вывучала рэгіянальныя праграмы Усерасійскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Паводле свайго характару яны нагадваюць агульнарасійскія тэлеканалы, такія як «Россия 24» або «Первый канал». Я адабрала матэрыялы, у якіх выкарыстоўваўся афіцыйны тэрмін «спецыяльная ваенная аперацыя». Даследаванне ахоплівала два часавыя перыяды: першы год вайны, калі яна толькі пачалася, і апошні год, які разглядаўся ў даследаванні, — 2025-ы. Мне хацелася прасачыць змены, паколькі за гэты час змянялася і міжнародная палітычная сітуацыя. На першым этапе я правяла тэматычную кластарызацыю матэрыялаў. Усяго мне ўдалося сабраць каля 1050 матэрыялаў: прыкладна 500 з Бураціі, каля 300 з Башкартастана і 200 з Чачні.
У Беларусі і Башкартастане публікуюцца матэрыялы і на беларускай, і на башкірскай мове, у якіх прапагандуецца вайна Расіі супраць Украіны. Але яны другасныя ў адносінах да рускамоўных, з якіх пераважна перакладаюцца або перарабляюцца.
Сімона Уксайце прааналізавала рускамоўныя матэрыялы.
— У выніку былі вылучаны пяць тэматычных катэгорый.
Першая — «Дынаміка адносін з цэнтральнай уладай». Яна прысвечаная таму, як рэгіянальныя ўлады выбудоўваюць адносіны з Крамлём.
Другая — «Грамадская падтрымка». Тут гаворка ідзе пра жыхароў рэгіёна: пра тое, як яны ўспрымаюць вайну і якімі спосабамі дзяржава імкнецца сфарміраваць іх стаўленне да яе.
Трэцяя — «Падзеі на лініі фронту». Гэтая катэгорыя ахоплівае падзеі на фронце і тое, як рэгіянальныя расійскія СМІ асвятляюць баявыя дзеянні.
Чацвёртая — «Міжнародны парадак дня». Яна прысвечана падзеям у свеце.
І пятая — «Мясцовыя ваеннаслужачыя». Тут разглядаецца, як у матэрыялах СМІ паказваюцца салдаты з адпаведнага рэгіёна, у прыватнасці вайскоўцы, якія належаць да мясцовых этнічных груп.
Менавіта катэгорыя «Мясцовыя ваеннаслужачыя» займае асноўнае месца ва ўсіх трох рэспубліках. Я хацела б адзначыць некалькі характэрных асаблівасцей. Што датычыць міжнароднага парадку дня, то ў 2025 годзе публікацый на гэтую тэму практычна няма. Думаю, прычына даволі відавочная: да ўлады ў ЗША прыйшоў Трамп, пачаўся яго прэзідэнцкі тэрмін, а затым нечакана актывізаваліся перагаворы пра «мір». Аднак навошта гаварыць у расійскіх рэгіёнах пра мірныя перагаворы, калі трэба, каб салдаты працягвалі ваяваць з максімальнай аддачай? Пры гэтым у Башкартастане ў 2025 годзе трохі павялічылася доля матэрыялаў, прысвечаных прапагандзе падтрымкі вайны ў грамадстве. Думаю, гэта звязана з пратэстамі, якія адбываліся там у 2024 годзе. У Башкартастане асноўны акцэнт робіцца на міфе пра батыра — героя ў башкірскай культуры. Акрамя таго, вялікая ўвага надаецца апраўданню вайны і абгрунтаванню неабходнасці яе вядзення з дапамогай гістарычных аргументаў. Так, у публікацыях нават краіны Балтыі і Польшча прадстаўляюцца як «гістарычныя землі» Расіі, за якія башкіры нібыта павінны ехаць ваяваць ва Украіну, каб «адваяваць» гэтыя нібыта гістарычныя расійскія тэрыторыі.
Сімона Уксайце высветліла, што ў Бураціі прапаганда часта сцвярджае, нібыта вайскоўцы адпраўляюцца на фронт, каб «вызваліць» украінцаў ад «нацыстаў», якіх, як заяўляецца, падтрымліваюць заходнія краіны або НАТА.
— У Бураціі ёсць і яшчэ адна цікавая асаблівасць: у публікацыях вайскоўцаў — этнічных буратаў нярэдка паказваюць як злачынцаў. З'яўляецца мноства паведамленняў пра тое, як бураты, якія вярнуліся з вайны, учыняюць розныя злачынствы ў сваім рэгіёне. Іншая частка публікацый прысвечана замежным вайскоўцам, якія ўдзельнічаюць у вайне, напрыклад з Кітая, Малдовы і іншых краін. Побач з іх выявамі размяшчаюць лозунгі пра тое, што яны ваююць за Расію, за Пуціна. Такім чынам, я б сказала, фарміруецца своеасаблівы механізм уздзеяння на этнічных буратаў. З аднаго боку, яны сутыкаюцца з вобразам сябе як злачынцаў, як людзей, якіх не лічаць сапраўднымі расіянамі. З іншага боку, ад іх чакаюць, што яны павінны стаць часткай расійскай нацыі. І, згодна з гэтай логікай, каб стаць сапраўдным расіянінам, трэба адправіцца на вайну і ваяваць за Расію.
Кіраўніцтва Чачні, якое ў свой час ваявала за незалежнасць сваёй бацькаўшчыны ад Расіі, цяпер пасылае суайчыннікаў на вайну супраць Украіны. Вось як гэта адлюстравана ў расійскіх СМІ ў Чачні.
— Вы, я думаю, чулі выраз «цікток-воіны», якім называюць чачэнскіх байцоў. У СМІ публікуецца мноства візуальных матэрыялаў, у якіх чачэнскіх байцоў паказваюць як «непераможных», «тэрмінатараў» і г. д. Іх прадстаўляюць як вайскоўцаў, аснашчаных найноўшай ваеннай тэхнікай. Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў таксама з'яўляецца практычна ў кожным рэпартажы: ён робіць заявы, часта цытуе Пуціна і г. д. Цікава і тое, як асвятляюцца падзеі ў чачэнскім рэгіянальным падраздзяленні Усерасійскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі. Там часта цытуюць высокапастаўленых расійскіх палітыкаў. Дзякуючы такому механізму Чачня выглядае як прыклад для іншых рэгіёнаў РФ. Яе таксама прадстаўляюць у іншых суб'ектах Расіі як узор таго, як расіяне павінны ісці на вайну. У той жа час гэта стварае ілюзію, быццам Чачэнская Рэспубліка валодае пэўнай незалежнасцю і аўтаноміяй. Такім чынам, мой галоўны канцэптуальны вывад заключаецца ў наступным: адрозненні паміж рэгіёнамі Расіі, якія, здавалася б, павінны выклікаць расколіны ў гегеманісцкім дыскурсе, на самай справе становяцца крыніцай сілы расійскага рэжыму. Менавіта гэтыя адрозненні дазваляюць яму захоўваць інфармацыйны ўплыў і кантроль ва ўсіх рэспубліках. Справа ў тым, што ўлады добра ведаюць сваю аўдыторыю. Яны разумеюць, каму, дзе і што трэба гаварыць, а таксама якія аргументы варта выкарыстоўваць, каб пераканаць канкрэтную аўдыторыю. Унутраная інфармацыйная прастора Расіі — гэта не проста механізм распаўсюджвання адзінага, аднароднага наратыву. Менавіта таму контрнаратывы, скіраваныя супраць расійскай прапаганды, часта не спрацоўваюць.
Віктар Корбут
Слухайце аўдыё
Аўтар выказвае падзяку Люкрэцыі Яшэўскай (Lukrecja Jaszewska), прэс-сакратару Інстытута салідарнасці і мужнасці імя Вітальда Пілецкага, за садзейнічанне ў падрыхтоўцы матэрыялу.