Скандал падчас дзяржаўнага экзамену для кандыдатаў на атрыманне кваліфікацыі падатковых кансультантаў у Паўднёвай Карэі. Чалавек, які паказаў найлепшы вынік, аказаўся махляром: ён выкарыстоўваў штучны інтэлект. Вынікі яго экзаменаў здаваліся настолькі высокімі, што выклікалі падазрэнні. Цяпер высветлілася, што скептыкі мелі рацыю: кандыдат прызнаўся ў падмане з дапамогай ШІ.
Скандал стаў завяршэннем некалькіх месяцаў здагадак, якія з'явіліся пасля таго, як у красавіку і ліпені мужчына набраў амаль максімальную колькасць балаў на двух экзаменах.
— Я падманваў, выкарыстоўваючы электронныя прылады і генератыўны штучны інтэлект. Мой найлепшы вынік на экзамене не быў вынікам сумленнай працы, — заявіў мужчына, які назваўся Ханам. Ён папрасіў прабачэння ў відэазвароце, апублікаваным на YouTube-канале «Attorney Lee Don-ho».
Хан расказаў, што фатаграфаваў экзаменацыйныя заданні з дапамогай мікракамеры, адпраўляў здымкі ў інструмент на аснове штучнага інтэлекту, а затым правяраў атрыманыя адказы на смартфоне. Падчас відэазапісу мужчына быў у ахоўнай масцы. Ён таксама паведаміў, што падаў у паліцыю Сеула пісьмовае прызнанне ў махлярстве.
На гэтым тыдні прэм'ер-міністарка Хан Сок Сук выказалася пра занепакоенасць грамадства магчымасцю падману з выкарыстаннем штучнага інтэлекту падчас будучых уступных экзаменаў у ВНУ.
Гэтыя экзамены — надзвычай стрэсавая падзея для паўднёвакарэйскіх школьнікаў. Многія з іх рыхтуюцца да іх значную частку свайго жыцця. У заяве офіса прэм'ера гаворыцца, што ўрад старанна падрыхтуецца і будзе строга кантраляваць увесь працэс да яго завяршэння, каб уступныя іспыты прайшлі сумленна і без збояў.
IAR/нг