Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

ААН: У мінулым годзе 47 тысяч жанчын былі забітыя партнёрамі або сваякамі

25.11.2026 13:16
Гэта азначае, што ў сярэднім кожны дзень забівалі 129 жанчын, або пяць кожную гадзіну.
.
.cocoparisienne/pixabay.com/CC0

Паводле справаздачы ААН, апублікаванай у сераду з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын, у мінулым годзе было забіта да 47 тысяч жанчын іхнімі мужамі, партнёрамі або членамі сям'і. Гэта азначае, што ў сярэднім кожны дзень забівалі 129 жанчын, або пяць кожную гадзіну.

Справаздача аб феміцыдзе, падрыхтаваная Упраўленнем ААН па наркотыках і злачыннасці (UNODC) і структурай «ААН-жанчыны», паказвае, што самым небяспечным месцам для жанчын і дзяўчат застаецца іх дом, і гэтая сітуацыя практычна не змяняецца ўжо шмат гадоў. З усіх забойстваў жанчын да 60% адбываюцца дома, прычым злачынцам зʼяўляецца блізкі сваяк. Найгоршая сітуацыя ў Афрыцы, дзе ўзровень забойстваў жанчын партнёрамі і сваякамі склаў 2,9 на 100 тысяч жанчын. У Амерыцы гэты паказчык склаў 1,4, у Акіяніі — 1,1, у Азіі — 0,6, а ў Еўропе — 0,5.

— Мы занадта доўга назіраем трывожную статыстыку. Патрыярхальныя погляды, сацыяльныя нормы і неэфектыўнасць інстытуцыйных гарантый ствараюць асяроддзе, у якім забойства жонкі, дачкі, маці ці сястры становіцца «прымальным», — заявіла выканаўчы дырэктар УНП ААН Моніка Джума.

Яна падкрэсліла, што для змены гэтага становішча рэчаў патрэбныя доўгатэрміновыя дзеянні на ўсіх узроўнях грамадства, у тым ліку прафілактычныя стратэгіі, накіраваныя на змяненне сацыяльных паводзін і шкодных поглядаў.

— Таксама неабходныя інвестыцыі ў спецыялізаваныя праграмы, мерапрыемствы, накіраваныя на працу з асобамі, вінаватымі ў хатнім гвалце, і дзеянні па абароне жанчын і забеспячэнні іх правоў чалавека і годнасці, — заявіла яна.

Як падкрэслілі УНП ААН і структура «ААН-Жанчыны», феміцыд рэдка бывае адзінкавым выпадкам. Для многіх жанчын і дзяўчат ён уяўляе сабой кульмінацыю доўгатэрміновага цыклу гвалту, пагроз і злоўжыванняў, якіх можна было б пазбегнуць. Тым не менш, большасць жанчын, якія падвяргаюцца фізічнаму або сексуальнаму гвалту, сутыкаюцца са значнымі перашкодамі і ніколі не звяртаюцца па дапамогу да членаў сямʼі, сваіх супольнасцяў або адпаведных органаў. Занадта шмат жанчын застаюцца без абароны, а злачынцы пазбягаюць крымінальнага пераследу на працягу ўсяго жыцця.

PAP/ав