Беларуская Служба
Дадай у Google

Дадайце нас у абраныя крыніцы ў Google, каб нашы навіны заўсёды былі сярод першых вынікаў вашага пошуку

Краіны ўсходняга флангу НАТА ўзмацняюць абараназдольнасць перад расійскай пагрозай

29.11.2026 17:39
Асобныя дзяржавы і Паўночнаатлантычны альянс у цэлым нарошчваюць магчымасці супрацьпаветранай абароны.
 Eurofighter Typhoon   ()   -27 ()      2014 .
Знішчальнік Eurofighter Typhoon Каралеўскіх ВПС (унізе) суправаджае расійскі Су-27 (уверсе) над Балтыйскім морам у чэрвені 2014 года.Фота: RAF/MOD, OGL 2, commons.wikimedia.org

У сувязі з пагрозай з боку расійскіх ракет і беспілотнікаў, якія парушаюць паветраную прастору краін усходняга флангу НАТА, асобныя дзяржавы і Паўночнаатлантычны альянс у цэлым нарошчваюць магчымасці супрацьпаветранай абароны, паведамляе Польскае агенцтва друку (PAP).

Літва, Латвія і Эстонія з прычыны абмежаваных ваенных магчымасцей у значнай ступені залежаць ад падтрымкі саюзнікаў. Бяспеку іх паветранай прасторы забяспечваюць самалёты краін НАТА ў рамках місіі Baltic Air Defence. Яна дзейнічае з 2004 года. У ліпені сёлета на саміце НАТА ў Анкары было прынята рашэнне змяніць характар місіі з патрульнага на абарончы.

Цяпер у місіі ўдзельнічаюць Італія, Турцыя і Бельгія. Бельгійскія знішчальнікі F-16 абсталяваныя новымі ракетамі для знішчэння беспілотнікаў, выкарыстанне якіх значна таннейшае за прымяненне традыцыйных авіяцыйных ракет. У місіі неаднаразова ўдзельнічала і Польшча.

Пасля пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі супраць Украіны краіны Балтыі істотна павялічылі інвестыцыі ў супрацьпаветраную абарону. Латвія і Эстонія закупілі нямецкія комплексы IRIS-T, а Літва – сістэмы NASAMS. Усе тры краіны таксама набылі або замовілі польскія пераносныя зенітна-ракетныя комплексы «Piorun».

Латвія стала першай краінай НАТА, якая ўкараніла сістэму акустычнага выяўлення беспілотнікаў уздоўж усёй усходняй мяжы. Гэта адзін з элементаў ініцыятывы «Сцяна дронаў», якая прадугледжвае стварэнне комплекснай сістэмы выяўлення і нейтралізацыі беспілотнікаў на ўсходнім флангу Альянсу.

Славакія пасля больш як чатырохгадовага перапынку аднавіла самастойную ахову сваёй паветранай прасторы. Амерыканскія знішчальнікі F-16 замянілі савецкія МіГ-29, перададзеныя Украіне. Свае сістэмы супрацьпаветранай абароны мадэрнізуюць таксама Чэхія, Венгрыя і Балгарыя.

Асабліва складаная сітуацыя ў Румыніі, паветраную прастору якой расійскія беспілотнікі рэгулярна парушаюць падчас атак на ўкраінскія парты. Са студзеня па верасень 2026 года было зафіксавана 30 такіх выпадкаў. У маі расійскі беспілотнік трапіў у жылы дом у горадзе Галац, у выніку чаго два чалавекі атрымалі раненні.

Дадатковую пагрозу для Румыніі і Балгарыі ўяўляюць атакі беспілотнікаў на судны ў заходняй частцы Чорнага мора. З сярэдзіны ліпеня зафіксавана 17 такіх выпадкаў. Некалькі суднаў затанулі, каля 30 чалавек загінулі або лічацца зніклымі без вестак. НАТА анансавала ўзмацненне аховы марскіх акваторый ля ўзбярэжжа абедзвюх краін.

У адказ на парушэнне паветранай прасторы Польшчы каля 20 расійскімі беспілотнікамі ў верасні 2025 года НАТА распачала аперацыю «Усходняя варта» (Eastern Sentry).

Пасля інцыдэнту з трыма расійскімі крылатымі ракетамі Х-101, які адбыўся 20 лістапада сёлета, Альянс прыняў рашэнне накіраваць у Польшчу самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення Boeing E-3 Sentry. Ён павінен павысіць эфектыўнасць ранняга папярэджання аб набліжэнні ракет і беспілотнікаў.

яс