Саміт у літоўскай сталіцы чацвёрты з пачатку расійскага ўварвання ва Украіну. Насуперак чаканням Кіева і некаторых краін Усходняй Еўропы, Украіна не атрымае афіцыйнага запрашэння ў НАТА. Аднак падчас саміту адбудуцца перамовы аб тым, як задакументаваць будучае членства ў Альянсе Кіева да задавальнення ўсіх саюзнікаў.
Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім на палях саміту НАТА ў Вільні. Лідары сустрэнуцца сам-насам у сераду. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі ЗША.
Таксама ў аўторак амерыканскі прэзідэнт Джо Байдэн сустрэнецца з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Таіпам Эрдаганам, які пагадзіўся накіраваць пратакол аб далучэнні Швецыі ў турэцкі парламент для хуткай ратыфікацыі.
Швецыя і Фінляндыя сумесна падалі заяўку на ўступленне ў Паўночнаатлантычны альянс праз некалькі месяцаў пасля расейскага ўварвання ва Украіну. На саміце ў Мадрыдзе ў чэрвені мінулага года абедзве краіны атрымалі афіцыйнае запрашэнне ўступіць у НАТА. З красавіка гэтага года Фінляндыя з'яўляецца 31-м членам альянсу.
Падчас саміту Захад таксама абвесціць шматгадовую фінансавую праграму дапамогі ў трансфармацыі ўкраінскай арміі, а таксама павышэння статусу дыпламатычных адносін з Кіевам. «Мы палепшым нашы палітычныя адносіны шляхам стварэння Рады НАТА-Украіна», – заявіў кіраўнік альянсу Енс Столтэнберг.
Палітыкі ў Вільні таксама распрацуюць тры рэгіянальныя планы абароны, у тым ліку для краін Балтыі і Польшчы. Гаворка ідзе як аб абʼяднанні ўсёй абароннай дзейнасці, так і аб істотным паскарэнні рэагавання войскаў у выпадку пагрозы бяспецы адной з дзяржаў-членаў.
Палітыкі ў Вільні таксама абмяркуюць выдаткі на абарону. Кіраўнік НАТА спадзяецца пераканаць некаторыя краіны значна павялічыць свае ваенныя выдаткі.
Польшчу на саміце прадстаўляе прэзідэнт Анджэй Дуда. Яго суправаджаюць міністры замежных спраў і абароны Збігнеў Раў і Марыюш Блашчак.
IAR / вх