Венесуэла і Гаяна дамовіліся пазбягаць любога ўжывання сілы і не дапускаць росту напружанасці падчас канфлікту вакол багатай нафтай правінцыі Эсекіба. На сустрэчы ў чацвер, 14 снежня, у карыбскай астраўной дзяржаве Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура і яго гаянскі калега Ірфаан Алі ў сумеснай заяве падкрэслілі гатовасць «не пагражаць гвалтам і не ўжываць сілы супраць іншага боку ў любых абставінах», а таксама «ўстрымлівацца ад эскалацыі любога канфлікту ці рознагалоссяў на словах ці на справе».
Спрэчкі паміж дзвюма краінамі будуць вырашацца ў адпаведнасці з міжнародным правам, указваецца ў заяве. У той жа час у дакуменце зазначаецца, што ўрад Мадура не прызнае Міжнародны суд ААН. Абодва бакі дамовіліся зноў сустрэцца праз тры месяцы ў Бразіліі.
На сустрэчы ў аэрапорце Кінгстаўна Мадура прывітаў магчымасць «адкрыта пагаварыць аб тэрытарыяльных рознагалоссях» і падкрэсліў, што яго краіна мае намер абараніць свае правы. У сваю чаргу Алі заявіў аб адсутнасці шанцаў на выкананне патрабаванняў Венесуэлы. Паводле яго, Гаяна не з'яўляецца агрэсарам і не хоча вайны, але пакідае за сабой права разам з саюзнікамі гарантаваць сваю абараназдольнасць. Эсекіба застанецца ў Гаяне, падкрэсліў палітык.
Нагадаем, на пачатку снежня Мадура абʼявіў аб планах стварыць новую ваенную базу прыкладна за 100 км ад гаянскай мяжы пасля рэферэндуму па пытанні Эсекіба, які прайшоў у Венесуэле, падчас якога, паводле афіцыйных вынікаў, 95% венесуэльцаў выказаліся за далучэнне гэтага рэгіёну. Венесуэла прэтэндуе на Эсекіба з таго часу, як стала самастойнай дзяржавай у 1811 годзе. Размова ідзе аб тэрыторыі на захад ад аднайменнай ракі агульнай плошчай 160 тыс. кв. км, якая займае тры чвэрці дзяржавы Гаяна. Эсекіба ў асноўным уяўляе сабой непраходныя джунглі, але там ёсць вялікія запасы нафты, газу, золата і медзі.
pap/ez