- Расійскі бок працягвае аперацыю ў інфармацыйнай прасторы, накіраваную на дыскрэдытацыю і раскол палітычнага і ваеннага кіраўніцтва Украіны, у тым ліку прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага і галоўнакамандуючага генерала Валерыя Залужнага, – падкрэслівае Амерыканскі інстытут ваенных даследаванняў (ISW) у апошнім сваім аналізе.
ISW цытуе суботнюю заяву міністра абароны Украіны Рустэма Умерава, які заявіў, што Расія спрабуе стварыць штучны канфлікт у кіраўніцтве ўкраінскай дзяржавы і праводзіць інфармацыйна-псіхалагічную аперацыю, у выніку якой распаўсюджвае наратыў аб тым, што Украіна не падтрымліваецца партнёрамі.
Аналітыкі адзначаюць, што, паводле справаздачы, апублікаванай Digital Forensic Research Lab (DFRLab), прадстаўнікі расійскага боку стварылі тысячы фэйкавых акаўнтаў з мэтай паклёпу на тагачаснага міністра абароны Украіны Аляксея Рэзнікава. Паводле арганізацыі, фальшывыя акаўнты на платформе TikTok на сямі мовах абвінавачвалі Рэзнікава ў набыцці прадметаў раскошы і наводзілі на думку, што палітык, як і ўрад Украіны ў цэлым, узбагачаўся на вайне.
У аналізе гаворыцца, што ISW пастаянна назірае, як прадстаўнікі Расіі, такія як кіраўнік знешняй выведкі Сяргей Нарышкін або прэс-сакратарка МЗС Марыя Захарава, беспадстаўна сцвярджаюць, што высокапастаўленыя прадстаўнікі заходніх краінаў жадаюць «замяніць» Зяленскага і што паміж Зяленскім і Залужным ёсць канфлікт.
Расійскія крыніцы таксама ўсё часцей паведамляюць пра нібыта ўнутрыпалітычную напружанасць ва Украіне, спрабуючы дыскрэдытаваць уладу, пасеяць недавер паміж грамадствам і ўладай і аслабіць падтрымку Украіны з боку Захаду, пішуць аналітыкі амерыканскага аналітычнага цэнтра.
ав