Дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа падпісаў у суботу дэкларацыю аб паскарэнні паставак ваеннай тэхнікі ў Ізраіль на суму каля 4 мільярдаў долараў, паведамляе Reuters.
У заяве гаворыцца, што ЗША будуць «працягваць выкарыстоўваць усе даступныя інструменты для выканання даўніх абавязацельстваў па бяспецы Ізраіля, уключаючы прадстаўленне рэсурсаў для барацьбы з пагрозамі бяспекі».
Палітык падкрэсліў, што выкарыстаў надзвычайныя паўнамоцтвы, каб паскорыць дастаўку ваеннай тэхнікі ў Ізраіль.
На мінулым тыдні Пентагон абвясціў, што Дзярждэпартамент ухваліў продаж Ізраілю бомбаў, выбуховых рэчываў і зброі на суму амаль 3 мільярды долараў. Як адзначае Reuters, адміністрацыя Трампа апавясціла Кангрэс аб гэтым продажы зброі ў экстраным парадку. Гэта абыходзіць даўнюю практыку, якая дазваляла старшыням і членам камітэтаў па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў і Сената разглядаць продаж або запытваць дадатковую інфармацыю перад афіцыйным паведамленнем Кангрэсу.
З моманту ўступлення на пасаду прэзідэнта ЗША Дональда Трампа 20 студзеня 2025 года яго адміністрацыя ўхваліла продаж зброі Ізраілю на суму амаль 12 мільярдаў долараў.
Пагадненне аб спыненні агню паміж Ізраілем і ХАМАС ад 19 студзеня 2025 года паклала канец 15-месячным баям і адкрыла шлях для перамоў аб спыненні вайны. Гэта таксама прывяло да вызвалення 33 ізраільскіх закладнікаў, якія ўтрымліваліся ў сектары Газа, і каля 2000 палесцінскіх вязняў, затрыманых Ізраілем.
Праз некалькі гадзін пасля заканчэння першага этапу ўзгодненага спынення агню офіс прэм'ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху заявіў у нядзелю ўвечары, што Ізраіль згаджаецца падоўжыць перамір'е ў Газе на мусульманскі месяц Рамадан і яўрэйскае свята Песах у абмен на вызваленне закладнікаў. Ён дадаў, што ХАМАС у цяперашні час адхіляе пагадненне.
У офісе Нетаньяху падкрэслілі, што гэта была прапанова прадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа на Блізкім Усходзе Стыва Віткофа. Рамадан, які пачаўся вечарам у суботу на палесцінскіх тэрыторыях, завершыцца 30 сакавіка. Свята Песах доўжыцца з 12 па 20 красавіка.
РАР/юл