Беларуская Служба

„Польская мова без межаў”: найстарэйшыя помнікі польскай мовы

06.07.2019 14:11
Першыя, змешчаныя ў дакументах сказы на польскай мове, належылі іншаземцам.
Аўдыё
   1407 .
Рукапіс „Барародзіцы” з 1407 году.By Macieja z Grochowa - polona.pl, Domena publiczna, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=69192372

Каб расказаць пра гісторыю польскай мовы трэба пачаць ад вытокаў. І тут узнікае першая праблема. Як кажуць эксперты, вызначыць пачатак ўзнікнення мовы мы можам выключна абапіраючыся на пісьмовыя крыніцы.

Аднак, як кажа наш госць доктар Яцэк Коўзан (Jacek Kowzan) з Інстытуту польскай літаратуры Варшаўскага універсітэта, да часу ўзнікнення першых тэкстаў вусная форма мовы існавала ўжо працяглы час.

Яцэк Коўзан: Першымі пісьмовымі прыкладамі мовы былі тапонімы, то бок назвы геаграфічных аб’ектаў, напрыклад, Calisia (назва гораду Каліш) або Vistula - то бок старажытная назва ракі Віслы. Упершыню яны з'явіліся ў старажытных рымскіх хроніках. У сваю чаргу першыя словы, набліжаныя да сучаснай польскай мовы, былі знойдзеныя ў лацінскіх хроніках. Самае цікавае, што першыя, запісаныя ў дакументах польскія сказы, хутчэй за ўсё, належылі іншаземцам. Першы сказ быў змешчаны ў „Księdze henrykowskiej ” („Генрыкаўская кніга”) з XIII стагоддзя вось як ён гучыць: „Daj, ać ja pobruszę, a ty pocziwaj”. Верагодна, такім чынам чэскі селянін Багухваў звярнуўся да сваёй жонкі, якая круціла жорны,. Гэта можна перакласці так: „Дай я буду круціць жорны, а ты адпачывай”.

Адзін з першых прыкладаў пісьмовай польскай мовы быў знойдзены ў Хроніцы Вінцэнта з Кельчы (Wincent z Kielczy), што ў ужо XV стагоддзі пацвердзіў гісторык Ян Длугаш (Jan Długosz). Гэты сказ таксама, хутчэй за ўсё, прамовіў іншаземец. У бітве пад Легніцай (Legnica) у 1241 годзе рускі падбухторшчык палохаў польскіх войнаў, якія змагаліся з татарамі крыкам: „Biegajcie, biegajcie” , што можа разумець, як: Уцякайце, уцякайце! („Uciekajcie, uciekajcie”). Сілескі князь Генрых Набажны, які ўбачыў паніку сярод рыцараў, у сваю чаргу сказаў: „Gorze się nam stało!”, то бок: „На нас упала вялікая бяда”. Гэта першыя задакументаваны ў літаратуры словы на польскай мове.

Яцэк Коўзан нагадвае, што першыя словы на польскай мове былі змешчаныя ў творах на лацінскай мове. Чарговым этапам развіцця мовы, паводле эксперта, з’яўляецца ўзнікненне літаратурных тэкстаў і мастацкіх твораў.

Яцэк Коўзан: Першым пацверджаным у дакументах мастацкім творам з’яўляецца тэкст „Krystus z martwych wstał je” які датаюцца паловай XІВ стагоддзя. Назву можна перакласці („Хрыстос уваскрос”). Ён быў змешчаны у Кодэксе пропаведзі Яна Шчэкны (Jan Štěkna).

„Генрыкаўская кніга” напісаная на лацінскай мове пасля 1269 году – гэта адзін з помнікаў польскай літаратуры, якія дакументуюць гісторыю польскай мовы. Апрача гэтага твору варта ўспомніць таксама „Багародзіцу” („Bogurodzica”), „Гнезненскія пропаведзі”(„Kazania gnieźnieńskie”) з пачатку XV стагоддзя і „Сатыру на лянівых сялян” („Satyra na leniwych chłopów”) з 1483 году.

Цікавым з’яўляецца механізм узнікнення першых твораў на польскай мове. Вельмі часта яны былі цесна звязаныя з літургіяй. Гаворка ішла пра тое, каб вернікі маглі больш заангажавацца ў набажэнства, якое служылася на лаціньскай мове. Таму вакол розных акламацыяў, як: Алілуя!, ці Кірые элейсан! узнікалі тэксты на нацыянальных мовах. Дасканалым прыкладам з’яўляецца менавіта „Багародзіца”.

Яцэк Коўзан: Мы ведаем гісторыю „Барагодзіцы” – яе жыццярыс як carmen patrium, то бок родную песню, песню продкаў. Паводле хронікаў, „Барагодзіцу” спявалі, напрыклад, перад бітвай пад Грунвальдам. З часам яна атрымала ня толькі літургічны характар, але падтрымлівала баявыдух рыцараў. Нельга забыць, што ў выдадзеным у 1505 годзе „Статуце Ласкага” („Statut Łaskiego”) „Багародзіца” знаходзілася ў прадмове зборніка, можна сказаць, дзяржаўных законаў. Гэта паказвае, як з літургічнага тэксту яна пераўтварылася ў сімвал нацыянальнай самасвядомасці й атрымала дзяржаватворчы характар.

А вось фрагмент згаданай малітвы-песні „Багародзіца”. Твор мае форму калектыўнай малітвы. Яе адрасатам з’яўляецца - Маці Божая - Марыя. Чытае Кшыштаф Думала.

Яцэк Коўзан нагадвае, што трэба памятаць пра ролю і значэнне літаратуры тады і цяпер. Гаворка ідзе, між іншым, пра непісьменнасць грамадства й абмежаваны доступ да літаратурных твораў.

Яцэк Коўзан: Да моманту вынаходніцтва друку першыя сярэднявечныя тэксты былі рукапіснымі, таму іх даступнасць таксама была абмежаваная. Тым ня менш тэксты, якія распаўсюджваліся ў вуснай форме ўплывалі на гутарковую мову. Вернікі, якія слухалі пропаведзі на польскай мове, малітвы, такія як, напрыклад, „Ойча наш”, „Веру…”, „Вітай, Марыя” – гэта былі пераклады, якія таксама ўплывалі на фармаванне гутарковай мовы. Зразумела, гэта быў працяглы працэс. Напэўна мовазнаўцы маглі б шмат сказаць пра фанетычныя з’явы, якія адбываліся ў старапольскім перыядзе.

Мова, гэта несупынны працэс, з гэтай прычыны цяжка назваць нейкія канкрэтныя пераломныя монанты ў яе развіцці. Аднак, паводле Яцэка Коўзана, бьез сумневу велізарны ўплыў на мову аказала вынаходніцтва Гутэнберга, то бок кнігадрукаванне.

Яцэк Коўзан: Такім пераломам у фармаванні польскай літаратуры і мовы, пашырэнні даступнасці літаратурных твораў, што таксама мае немалы ўплыў на мову, было вынаходніцтва кнігадрукавання. Свентакшыская друкарня (назва ад касцёла Святога Крыжа ў Вроцлаве), выпускала першыя малітвы на польскай мове. Варта згадаць пра выдадзены ў 1513 годзе малітоўнік „Raj duszny”, што можна перакласці, як „Рай душаў”. У 1508 годзе быў выдадзены тэкст „Historyja umęczenia Pana naszego Jezusa Chrystusa” ( „Гісторыя мукі нашага пана Езуса Хрыстуса”). Дзякуючы вынаходніцтву кнігадрукавання, літаратура выходзіць паза абмежаваную колькасць рукапісаў і можа пашырацца сярод усё большай колькасці чытачоў, уплываючы на кшталт польскай мовы. Дадзены працэс адбываўся ў XVI стагоддзі.

Пра гісторыю развіцця польскай мовы расказваў доктар Яцэк Коўзан з Інстытуту польскай літаратуры Варшаўскага універсітэта.

А мы нагадаем, што цыкл перадачаў „Польская мова без межаў ” суфінансуе Фонд „Дапамога палякам ва Ўсходняй Еўропе” ў рамках падрымкі Сенату Польшчы польскай абшчыны і палякаў замежжа.

аз


Больш на гэтую тэму: Польская мова без межаў