Беларуская Служба

Палякі ўсё больш ведаюць пра Варшаўскае паўстанне

01.08.2019 12:40
Паўстанне закончылася паразай, але тыя, хто ў ім змагаўся, а таксама тысячы мірных жыхароў сталіцы, зрабілі тое, што трэба было зрабіць.
 Rzeczpospolita  01.08.2019
Выданне "Rzeczpospolita" за 01.08.2019здымак: Н. Грышкевіч

Друкаваныя выданні шмат увагі прысвячаюць сёння тэматыцы Варшаўскага паўстання – у 75 гадавіну пачатку ўзброенай барацьбы. «Rzeczpospolita» піша, што з кожным годам расце інфармаванасць жыхароў Польшчы пра паўстанне. Усё больш людзей мяркуе, што гэта была важная падзея. Такія вынікі апытання, праведзенага па замове Нацыянальнага цэнтру культуры за некалькі дзён да гадавіны.

1 жніўня 1944 году ў якасці даты пачатку паўстання называе 45% апытаных, а чарговыя 21% дадае, што гэта пачатак Варшаўскага паўстання. Такім чынам 2/3 асоб, якія запоўнілі анкеты, ведаюць, што гэта за дата. Пяць гадоў таму такія веды мелі толькі каля паловы апытаных.

Каментатар выдання Міхал Шулджыньскі піша, што сёлета, бадай, апошняя такая гадавіна Варшаўскага паўстання. Тыя, хто 75 гадоў таму пайшоў у бой за свой любімы горад, а пазней лёс кінуў іх у іншы куток свету, кажуць, што яны ўжо апошні раз прыязджаюць у Варшаву на адзначэнне гістарычнай даты. Паўстанцам, якія засталіся яшчэ ў жывых, цяпер па 90-95 і больш гадоў. Неабходна аддаць ім пашану ў гадавіну іх перамогі. Праўда, паўстанне закончылася паразай, але тыя, хто ў ім змагаўся, а таксама тысячы мірных жыхароў сталіцы, зрабілі тое, што трэба было зрабіць.

Забудзьма пра палітычныя сваркі, давайце разам годна ўспамінаць і шанаваць памяць паўстанцаў – піша каментатар. Паўстанне было жорстка падаўлена нямецкімі акупантамі, але яно стала сімвалам для многіх пакаленняў палякаў, якія пасля вайны марылі пра поўнасцю незалежную і самастойную дзяржаву.

нг

Больш на гэтую тэму: Варшаўскае паўстанне