Інтэрнэт-сайт выдання «Rzeczpospolita» інфармуе, што кіруючая ў Польшчы партыя «Права і справядлівасць» прапануе прыняць ухвалу з асуджэннем нападзенняў на каталіцкіх вернікаў і ксяндзоў каталіцкага касцёла. Дакумент утрымлівае толькі адзін сказ: «Сейм Рэчы Паспалітай рашуча асуджае ўсе акты нянавісці і антыкаталіцкай пагарды і заклікае іх асудзіць усе суб’екты грамадскага жыцця: дзяржавы і міжнародныя арганізацыі, органы ўлады і цэнтры фармавання грамадскай думкі».
У абгрунтаванні праекту можна прачытаць, што каталіцызм і католікі з’яўляюцца ахвярамі пастаяннага пераследу і варожасці ў шматлікіх месцах на свеце. Нягледзячы на гэта, дагэтуль нянавісць да католікаў не была належным чынам асуджана. Ідзе гаворка таксама пра тое, што апошнім часам і ў Польшчы здараліся нападзенні на каталіцкіх святароў, а таксама прафанацыя веры. Між іншым, пародыя працэсіі на Божае цела падчас маршу роўнасці ў Гданьску і пародыя богаслужэння падчас параду асяроддзяў ЛГБТ у Варшаве.
Апазіцыя пратэстуе супраць такога прадстаўлення справы. На думку дэпутаткі, звязанай з левымі палітычнымі сіламі, Яанны Шэрынг-Вельгус, у Польшчы хутчэй назіраецца агрэсія супраць асяроддзяў ЛГБТ і трэба асудзіць усе акты насілля, нянавісці і пагарды. Не згадзіліся з ёй дэпутаты ПіС. Па словах Анны Сабэцкай, розныя праявы выраджэння неабходна называць па імені, бо інакш людзі ўжо ня будуць ведаць, дзе праўда, а дзе хлусня, дзе дабро, а дзе зло.
нг