Беларуская Служба

Гісторыя медыцыны: Юліян Александровіч - бацька польскай гематалогіі (ФОТА)

24.08.2019 08:12
Яшчэ падчас вайны, у ходзе Варшаўскага паўстання, Юліян Александровіч увёў піянерскія метады пералівання крыві салдатам Арміі Краёвай, многім выратаваўшы жыццё.
Аўдыё
  • Юліян Александровіч нарадзіўся 20 жніўня 1908 года ў Кракаве
zdj. ilustracyjne
zdj. ilustracyjne Zbiory NAC

Сёння ў гістарычнай рубрыцы раскажам вам пра чалавека, пра польскага лекара, які ўжо пры жыцці стаў легендай. Яго лёс быў цікавы і цяжкі адначасова. Звалі яго Юліян Александровіч.

Юліян Александровіч нарадзіўся 20 жніўня 1908 года ў яўрэйскай сям’і ў Кракаве. Дарэчы, пражыў ён толькі 80 год, памёршы ў сваім родным горадзе ў 1988 годзе.

У 1933 годзе закончыў медычны факультэт Ягелонскага ўніверсітэта. Праз шэсць гадоў пачалася вайна, малады ўрач быў мабілізаваны. Восенню 1939 года Юліян Александровіч змагаўся з немцамі, пасля паразы Польшчы трапіў у кракаўскае гета. Адтуль яму ўдалося ўцячы ў партызаны. Там ён атрымаў мянушку «доктар Цвёрды».

«Мне ўдалося выжыць у сітуацыях, у якіх, згодна з правіламі логікі, выжыць проста не меў права. Дзякуючы таму, што я атрымаў у падарунак жыццё, прычым некалькі разоў, я зразумеў, што сэнс існавання заключаецца ў тым, каб жыць для іншых», – пісаў ва ўспамінах прафесар Александровіч. І сапраўды, цягам усяго свайго жыцця на першае месца ён заўсёды ставіў пацыента і чалавека ўвогуле. Славутага польскага доктара згадвае яго знаёмы, польскі літаратар і журналіст Гары Дуда. Архіўны запіс Польскага радыё з 1988 года.

- Я быў аднойчы ў клініцы ўнутраных хвароб, якую заснаваў прафесар Александровіч у Кракаве. Тады гэты была нетыповая клініка: на калідорах я ўбачыў скульптуры, на сценах – карціны і малюнкі, адпаведныя, цёплыя колеры сценаў... Прафесар Александровіч лічыў, што на працэс выздараўлення вялікі ўплыў мае перш за ўсё абстаноўка і адносіны людзей. Ён хацеў, каб пацыент сябе адчуваў чалавекам першай катэгорыі, некім вельмі важным. Хвароба – гэта пераходны перыяд, і гэты перыяд чалавек павінен правесці як мага лепш, каб хутка выздаравець, лічыў ён.

Нагадаем, такі сучасны падыход прафесар Юліян Александровіч меў ужо ў 1970-1980-я гады! Як бачна, ён значна апярэджваў свой час.

Яшчэ падчас вайны, у ходзе Варшаўскага паўстання, Юліян Александровіч увёў піянерскія метады пералівання крыві салдатам Арміі Краёвай, многім выратаваўшы жыццё. Магчыма, ваенны досвед аказаў уплыў на тое, што пасля вайны ён стаў вядомым гематолагам.

За дасягненні ў галіне ваеннай медыцыны ўрач быў узнагароджаны ордэнам Virtuti Militari – найбольш ганаровым польскім ваенным ордэнам.


Юліян Алексанровіч, 1983 год, nieznany/unknown - Jerzy Biernacki, Jews in Poland, Interpress, Warszawa 1983, Public Domain Юліян Алексанровіч, 1983 год, nieznany/unknown - Jerzy Biernacki, Jews in Poland, Interpress, Warszawa 1983, Public Domain

Неўзабаве пасля вайны напісаў кандыдацкую дысертацыю, у 1947 – доктарскую. Цягам амаль 30-і гадоў узначальваў вядомую кракаўскую клініку гематалогіі. Менавіта прафесар Юліян Александровіч быў першы польскім лекарам, хто правёў першую ў краіне перасадку касцявога мозгу. Ён таксама праводзіў навуковыя даследаванні над выкарыстаннем магнія ў лячэнні белакроўя.

Акрамя таго, вядомы лекар займаўся філасофіяй медыцыны, быў прыхільнікам экалагічнага жыцця і культуры: сярод яго знаёмых і сяброў было шмат артыстаў, мастакоў і літаратараў.

Валеры Саўко

слухайце аўдыё


Больш на гэтую тэму: Машына часу