Ідэя Ілана Маскa адносна абстрэлу тэрмаядзернымі снарадамі Марса для таго, каб змянілася атмасфера гэтай планеты, нерэальная – лічыць доктар Вераніка Сьліва з навуковага цэнтра Капернік у Варшаве. На яе думку, ні адна з даступных сёння тэхналогій не справіцца з гэтай задачай.
У апошнія дні мільярдэр і саўладальнік SpaceX (амерыканскай кампаніі, вытворцы касмічнай тэхнікі) Ілан Маск у сацыяльных сетках прасоўвае ідэю бамбардавання ледзяных гор, размешчаных на полюсах Марса. Як следства, планета будзе награвацца і атмасфера павінна гусцець, што спрыяла б паляпшэнню ўмоў жыцця, каб яны былі падобныя да зямных. Гэтую канцэпцыю называюць тэрафармацыяй, – тлумачыць доктар Вераніка Сьліва.
- Тэрафармаванне – гэта своеасаблівая мара чалавецтва аб стварэнні другой Зямлі дзе-небудзь у іншым месцы, мара аб пераўтварэнні іншага нябеснага цела, найчасцей гэта Марс, у планету вельмі падобную на нашую. А гэта значыць – з густой атмасферай, якая абараняе ад небяспечнага сонечнага выпраменьвання, з добрай тэмпературай і з вадой, якая цячэ па яе паверхні.
Доктар Вераніка Сьліва тлумачыць ідэю эксцэнтрычнага мільярдэра і вынаходніка Ілана Маска.
- Ілан Маск хацеў бы стварыць на Марсе ўмовы, набліжаныя да тых на Зямлі праз вызваленне двухвокісу вугалю, які знаходзіцца ў полюсных ледавіках Марса. Ілан Маск бачыць гэта так, што вось гэтыя марсіянскія ледавікі можна распусціць з дапамогай тэрмаядзерных снарадаў. Так, гэта і ёсць нейкая канцэпцыя. На жаль, трэба сказаць, яна не вельмі рэалістычная па даволі празаічнай прычыне. Навукоўцы, якія займаюцца Марсам, падлічылі, што ў палярных шапках Марса знаходзіцца невялікая колькасць вуглякіслага газу. Нават калі б ён вызваліўся на 100%, марсіянская атмасфера была б у шмат разоў больш разраджанай, чым на Зямлі, і тэмпература не падымецца дастатковым чынам.
Сказала доктар Сьліва. Таму, на яе думку, выкарыстанне тэрмаядзерных снарадаў не дало б чаканага эфекту. Польская даследчыца ўказала на яшчэ адну перашкоду, якую яна лічыць фундаментальнай.
- Мы ўсё яшчэ шукаем сляды нейкіх прымітыўных формаў жыцця на Марсе. Не выключана, што мы знойдзем там жыццё. Хутчэй за ўсё, яго няма, але яно магчымае. У гэтай сітуацыі змяненне гэтай планеты і рызыка разбурэння мясцовага магчымага жыцця – гэта разумнае і прадуманае дзеянне? На гэтае пытанне таксама трэба нам адказаць.
Паводле доктара Сьлівы, сучасныя тэхналогіі не даюць нам магчымасці ператварыць усю Чырвоную планету ў зялёную ці блакітную планету, больш падобную на Зямлю.
- Хутчэй за ўсё, пераважаюць меркаванні, што калі нават чалавек стане жыць на Марсе, а мы да гэтага імкнёмся, і хочам заснаваць марсіянскія калоніі, то імаверна, людзі будуць там жыць у нейкіх закрытых базах і толькі будуць зрэдку выходзіць навонкі.
Доктар Сьліва бачыць дзве магчымасці тэрафармацыі. Па-першае, варта крыху пачакаць на з'яўленне адпаведных тэхналогій, з дапамогай якіх можна будзе фармаваць клімат, а па-другое, чакаць яшчэ даўжэй і нічога не рабіць.
- Справа ў тым, што Сонца павольна, але паслядоўна награваецца і ў канчатковым выніку дасягне такой тэмпературы, што паверхня Марса будзе мець значна больш высокую тэмпературу, чым сёння, бліжэй да тэмпературы паверхні Зямлі. Як следства – вуглякіслы газ, назапашаны ў палярных шапках, будзе выкінуты ў атмасферу, што яшчэ больш нагрэе Чырвоную планету. Аднак, нават калі гэта адбудзецца, па-ранейшаму будзе шмат перашкод, калі б мы хацелі свабодна жыць на паверхні Марса. А іншая справа – калі на Марсе стане цёпла, то як будзе на Зямлі? На Зямлі будзе тады невыносна.
Адзначыла доктар Вераніка Сьліва, якая пракаментавала ідэю мільярдэра Ілана Маска, каб з дапамогай тэрмаядзерных снарадаў змяніць клімат Марса і такім чынам прыстасаваць Чырвоную планету для пасялення там людзей.
Польскае прэсавае агенцтва/ Шыман Здзеблоўскі/яс