Беларуская Служба

У цэлай Польшчы прыбіралі лясы

20.09.2019 14:21
Кожны год леснікі выносяць смецце, якое магло б змясціцца ў больш за тысячы чыгуначных вагонаў. 
Аўдыё
     .
Анджэй і Агата Дуды прыбіраюць лес.PAP/Leszek Szymański

Прэзідэнт Анджэй Дуда з жонкай распачаў сёння польскую акцыю па прыборцы лесу. У рамках ініцыятывы #sprzątaMY (даслоўна прыбіраем) у кожным з 430 лясніцтваў у краіне ахвотных дапамагчы чакалі воркі на смецце, пальчаткі і апекуны.

Прэзідэнцкая пара разам з вучнямі, гарцэрамі, чальцамі Лігі аховы прыроды, жаўнерамі Тэрытарыяльнай абароны і леснікамі прыбралі фрагмент Белай пушчы.

Прадпрыемства «Дзяржаўныя лясы» інфармуе, што кожны год леснікі выносяць столькі смецця, колькі магло б змясціцца ў больш за тысячы чыгуначных вагонаў. Гэта кошт амаль 20 мільёнаў злотых (5,2 мільёнаў долараў). Усё ж надалей тоны смецця трапляюць у лясы. Прэзідэнцкая акцыя павінна дапамагчы гэта змяніць.

- У пятніцу 20 верасня, калі на ўсёй планеце распачалася прыборка свету, мы будзем прыбіраць лес. Далучыся да нас, – заахвочваў у сацыяльнай рэкламе Анджэй Дуда.

Адначасова «Дзяржаўныя лясы» запрашаюць рэгулярна прыбіраць лясы. З гэтай мэтай стартавала кампанія #Zabierz5zLasu, якая заключаецца ў тым, каб падчас шпацыру, збірання грыбоў ці іншых форм актыўнасці сабраць у лесе 5 штук смецця і паінфармаваць пра гэта ў сацыяльных сетках.

Толькі ў мінулым годзе Лясная служба наклала амаль 200 тысяч злотых (52,5 тысячы долараў) штрафу за засмечванне лесу. Былі выпісаныя 793 штрафы і зафіксавана 801 злачынства на тэрыторыі «Дзяржаўных лясоў». З статыстыкі лясной службы вынікае, што 61 чалавек быў прызнаны вінаватым, а 38 прыгавораныя за парушэнне права аб чысціні ў лесе.

Дзяржаўныя лясы нагадваюць, што засмечванне лесу – гэта не толькі эстэтычная праблема. Смецце раскладваюцца і ў выніку вызваляюцца хімічныя субстанцыі, якія могуць атруціць паветра, глебу і ваду, таксама пітную. Смецці таксама пагражаюць жывёлы. Смяротнай небяспекай для іх могуць быць пластыкавыя бутэлькі ці бляшанка ад кансервы (яны раскладаюцца нават сотні гадоў).

На важнасць праблемы ўвагу звяртае прэс-сакратар «Дзяржаўных лясоў» Анна Маліноўска:

- Адпаведныя службы штогод вывозяць з лесу велізарную колькасць смецця. Яно змясцілася б у тысячы чыгуначных вагонаў. Прыборка лесу адбываецца рэгулярна. У кожным лясніцтве 2-3 разы ў месяц, але праблема ў тым, што стала нехта выкідвае новыя смецці. Яшчэ большую праблему маюць уладальнікі прыватных лясоў. Вельмі часта ў іх няма сродкаў, каб замовіць паслугі прафесійнай фірмы, якая б вывезла смецце з лесу. На жаль, нягледзячы на закон аб смецці, нягледзячы на тое, што кожны абавязаны дома мець сметніцу, здараюцца выпадкі, калі ў лес выкідваюць адкіды рознага віду. Часта гэта камунальнае смецце, часта будаўнічыя матэрыялы. Акцыя адбываецца толькі сёння, але мы заахвочваем цэлы год удзельнічаць у акцыі забяры пяцёрку з лесу. Дастаткова нават прыбраць пяць коркаў ад бутэлек, якія так часта ляжаць у лесе. І мы ўжо прычыняемся да таго, каб нашае асяроддзе было чысцейшым.

Міністр навакольнага асяроддзя Генрык Кавальчык пацвярджае, што смецце ў лесе – гэта вялікая праблема:

- Смецце ў лесе часамі можа быць смяротнай пагрозай для жывёлы, гэта пагроза для навакольнага асяроддзя. Часамі яны становяцца прычынай пажараў. У сувязі з гэтым прыборка лесу з’яўляецца надзвычай важнай акцыяй. Я рады супрацоўніцтву з прэзідэнтам. Спадзяюся, што асабісты прыклад прэзідэнцкай пары будзе станоўча ўплываць на паводзіны ўсіх палякаў.

Польская акцыя праходзіць у рамках сусветнай кампаніі «Прыборка свету» (Clean Up the World). Гэтая міжнародная акцыя праходзіць у кожны трэці ўікэнд верасня. Яна заключаецца ў масавай прыборцы смецця ў месцах, непрызначаных для іх захоўвання. Мэта акцыі – рост экалагічнай свядомасці ў грамадстве.

Акцыя «Прыборка свету» выводзіцца з Аўстраліі. Упершыню яна прайшла ў 1989 годзе, калі 40 тысяч жыхароў Сіднэю прынялі ўдзел у прыборцы тэрыторыі порту. Ужо праз год акцыя праходзіла ў цэлай Аўстраліі, а колькасць яе ўдзельнікаў штогод расце.

У Польшчы прыборку свету распачала Міра Станіслаўска-Мэйштовіч, заснавальніца фонду «Наша зямля». Акцыя праходзіць штогод з 1994 году. У кампаніі ўдзельнічаюць школьная моладзь, гарцэры, чальцы экалагічных арганізацый, працаўнікі фірм, моладзь і дарослыя.

ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце