Беларуская Служба

Беларускія палякі заклікаюць падчас перапісу ўважліва запаўняць графу «Нацыянальнасць»

01.10.2019 09:00
Акцыю зладзіла Фундацыя «Młode Kresy», якая аб’ядноўвае палякаў Беларусі, Літвы ды Украіны.
Аўдыё
  • Беларускія палякі заклікаюць падаваць польскую нацыянальнасць падчас перапісу
Ілюстрацыйны здымакshutterstock.com/vladm

Праз некалькі дзён у Беларусі пачынаецца Нацыянальны перапіс насельніцтва, які працягнецца да канца кастрычніка. Адно з пытанняў у анкетах, якія будуць запаўняць жыхары Беларусі, датычыць нацыянальнасці. У адпаведнай графе можна выбраць беларускую, польскую, украінскую і расійскую нацыянальнасць, або ўпісаць іншую. І гэтая менавіта графа найбольш цікавіць польскіх актывістаў з Беларусі. 

Справа ў тым, што з кожным перапісам, а яны адбываюцца ў Беларусі раз у 10 гадоў, усё менш асоб польскага паходжання дэкларуе польскую нацыянальнасць. Прычыны могуць быць розныя – гэта, па-першае, натуральны працэс вымірання старэйшага пакалення, па-другое, маладое пакаленне з цягам часу ўсё слабей адчувае сваю сувязь з польскасцю, па-трэцяе, уплыў можа мець таксама складаная сітуацыя беларускіх палякаў, якія ўжо шмат гадоў маюць дзве арганізацыі – першую прызнаюць беларускія ўлады, але не прызнаюць польскія, а другі Саюз палякаў дзейнічае ў Беларусі без рэгістрацыі, але яго актыўна падтрымліваюць з Польшчы. У Беларусі адносна мала месцаў і адукацыйных устаноў, дзе палякі могуць вывучаць польскую мову і культуру, улады ўсімі сіламі супраціўляюцца ўзнікненню такіх школ і курсаў, абмяжоўваюць колькасць настаўнікаў польскай мовы з Польшчы, якія могуць працаваць легальна ў дзяржаве. У Саюзу палякаў былі адабраныя 16 Польскіх дамоў, пабудаваных за грошы польскіх падаткаплатнікаў. Яны былі перададзеныя адыёзнаму Саюзу палякаў, які выкарыстоўвае Польскія дамы ў камерцыйных мэтах.

Беларускія палякі не давяраюць уладам краіны, лічачы, што дадзеныя, сабраныя падчас перапісу насельніцтва, могуць не да канца адпавядаць рэальнасці. Тым не менш, яны праводзяць кампанію, у якой заахвочваюць асоб польскага паходжання ўпісваць у анкетах польскую нацыянальнасць. Акцыю зладзіла Фундацыя «Młode Kresy», якая аб’ядноўвае палякаў Беларусі, Літвы ды Украіны. Кампанія накіраваная перш за ўсё да палякаў Гарадзеншчыны – гаворыць старшыня фундацыі Міраслаў Капцэвіч, які сам паходзіць з Ліды, а цяпер пражывае ў Польшчы.

слухайце аўдыёфайл

нг