Польшча адмовілася прымаць удзел у абавязковым размеркаванні мігрантаў. Гэта выклікала абурэнне з боку многіх заходніх палітыкаў. Тым не менш, як кажуць прадстаўнікі Рады міністраў, Польшча прымае актыўны ўдзел у дапамозе на месцы, там, дзе гуманітарная дапамога вельмі патрэбная.
Урад кіроўнай партыі «Права і справядлівасць» на захадзе Еўропы часта атаясамліваецца з крайнім кансерватызмам, між іншым, Польшчу вінавацяць у тым, што яна адмовілася ўдзельнічаць у сістэме размеркавання мігрантаў. Тым часам, у краіне зусім іншы падыход да міграцыі – яе кіраўніцтва лічыць, што неабходна дапамагаць на месцы, у тых дзяржавах, дзе назіраецца праблемная сітуацыя, ваенныя канфлікты, стыхійныя бедствы і г.д, каб прадухіліць міграцыю або заахвоціць жыхароў гэтых краін вяртацца ў свае дамы.
У польскім урадзе існуе пасада міністра па пытаннях гуманітарнай дапамогі. Дарэчы, міністр Міхал Вось (Michał Woś) з’яўляецца самым маладым членам Рады міністраў – яму толькі 28 гадоў. Міністр распавёў Польскаму радыё, у якія дзяржавы трапляе дапамога з Польшчы.
- У нас ёсць свае прыярытэты, гэта звыш дзесяці краін, перш за ўсё на Блізкім Усходзе, у Афрыцы, але таксама за нашай усходняй мяжой – гэта Украіна ці Беларусь. У сваю чаргу, іншыя важныя для нас дзяржавы – гэта Ірак, Сірыя, Ліван, Паўднёвы Судан, Уганда, Замбія. Наша задача – дапамагчы на месцы, там, дзе ў людзей няма даху над галавой, не хапае прадуктаў харчавання, лякарстваў. Утрыманне адной сям’і ў Берліне каштуе столькі, колькі пяці, а нават сямі такіх жа сем’яў у Сірыі.
Як выглядае гэтая гуманітарная дапамога – ці Польшча адпраўляе ў дадзеныя краіны грузы з прадуктамі харчавання, лякарствамі, іншай матэрыяльнай дапамогай, ці перадае грошы, за якія ўсё гэта можна купіць?
- Кожны праект іншы, усё залежыць ад канкрэтнай праграмы. Мы прызначаем на ўсю дапамогу каля трох мільярдаў злотых у год – у мінулым годзе 2 млрд. 880 млн., сёлета ўжо амаль тры мільярды, у тым ліку некалькі дзясяткаў мільёнаў – на гуманітарную дапамогу. А праекты розныя, гэта і прадукты харчавання, і медычная дапамога. Напрыклад, у рамках аднаго з праектаў каля 300 сірыйскіх дзяцей, якія ў выніку вайны страцілі канечнасці, атрымалі сучасныя пратэзы. Такія пратэзы растуць разам з дзецьмі, што значна павышае якасць жыцця. Мы ладзім таксама адукацыйныя праекты для дзяцей з лагераў для ўцекачоў, каб яны маглі атрымаць хаця б базавую адукацыю, бо інакш гэтае маладое пакаленне вельмі лёгка паддаецца ўплыву розных радыкальных груповак.
Гэтая дапамога не цалкам альтруістычная. Па словах міністра Міхала Вося, гуманітарная дапамога ўпісваецца ў рамкі польскага дзяржаўнага інтарэсу.
- Дапамагаючы на месцы, мы рэалізуем з аднаго боку наш чалавечы абавязак падаць руку іншаму, бо там людзі часта паміраюць, але з іншага боку, мы ажыццяўляем таксама нашыя інтарэсы. Нас часта пытаюць, маўляў, чаму вы аказваеце падтрымку за шмат сотняў кіламетраў ад нашых межаў, а не ў нас, у Польшчы. Мы адказваем, што гэта доўгатэрміновая стратэгія. Мы не хочам удзельнічаць у розных прымусовых размеркаваннях эканамічных мігрантаў, мы хочам дапамагаць там, дзе знаходзіцца крыніца праблемы. Гэтыя людзі як правіла не жадаюць пакідаць свае дамы і выязджаць. Такім чынам, дапамагаючы ім, мы рэалізуем таксама нашыя інтарэсы, памяншаем, як кажуць эксперты, міграцыйны прэсінг.
Вы сказалі, што дапамога з Польшчы паступае таксама ва Украіну. Ці маглі б Вы расказаць больш падрабязна пра гэты праект?
- Мы зладзілі праект па дапамозе жыхарам Данбасу, дзе працягваецца ваенны канфлікт у выніку нападзення Расіі. Мы ажыццяўлялі праект пастаўкі харчовай дапамогі, выслалі туды 20 тыс. пасылак. Аднак на дадзеным этапе важнейшай стала псіхалагічная дапамога. З-за ваеннай траўмы рэзка вырасла колькасць самагубстваў. Патрэбныя вялікія сродкі на псіхалагічную дапамогу тым людзям, якія засталіся на месцы.
Польшча выступае супраць абавязковых квотаў мігрантаў, што яшчэ нядаўна прапанаваў Еўрапейскі Звяз. З іншага боку, польскія палітыкі адзначаюць, што Польшча прымае сотні тысяч эканамічных мігрантаў, між іншым, з Украіны. Як адзначае госць Польскага радыё, міністр па пытаннях гуманітарнай дапамогі Міхал Вось, гэтыя асобы праходзяць абавязковую праверку, ці яны не нясуць пагрозы польскай дзяржаве.
І Пр. ПР/нг