80 гадоў таму Адольф Гітлер падпісаў указ аб упраўленні на акупаваных Германіяй польскіх тэрыторыях. На моцы дакументу, падпісанага рэйсхканцлерам 12 кастрычніка, была створаная новая адміністрацыйная адзінка – генерал-губернатарства, якое пазней стала сімвалам нацысцкага тэрору і злачынстваў у акупаванай немцамі Польшчы.
Падпісаны Гітлерам указ уступіў у сілу 26 кастрычніка 1939 года. Кіраўніцтва Трэцяга Рэйху вырашыла Польшчу падзяліць. Дарэчы, першапачаткова немцы планавалі на частцы тэрыторыі Польшчы стварыць марыянетачную польскую дзяржаву, аднак хутка ад такой ідэі адмовіліся і прыйшлі да высновы, што польскія тэрыторыі неабходна падзяліць.
І так, Памеранія (узбярэжжа Балтыкі), Вялікапольшча (заходняя частка з цэнтрам у Познані) і Сілезія (Катавіцы) былі ўключаныя ў нямецкую дзяржаву як складовыя часткі Трэцяга Рэйху. На астатняй жа тэрыторыі Польшчы, у цэнтральна-паўднёвай частцы краіны, было створанае генерал-губернатарства, якое ўзначаліў высокапастаўлены гітлераўскі чыноўнік Ганс Франк. Генерал-губернатарства ў першапачатковай форме мела быць нечым накшталт калоніі, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы, з паступовай германізацыяй і далучэннем да Рэйху.
«На тэрыторыі, дзе цяпер жыве 12 млн палякаў, праз некаторы час будзе пражываць 4-5 млн немцаў», – казаў у сакавіку 1940 года Ганс Франк. «Генерал-губернатарства будзе такім жа нямецкім краем, як Рэйнская вобласць», – гаварыў нямецкі чыноўнік. «Няхай сабе кажуць, што на кожным ліхтары вісяць два палякі: у мяне для іх ёсць толькі адзін адказ – палякі нам пакінулі мала ліхтароў», – зазначаў гітлераўскі генерал-губернатар.
Парадаксальна, але Ганс Франк быў адукаваным чалавекам, меў тытул доктара юрыдычных навук, што не часта сустракалася сярод высокапастаўленых прадстаўнікоў Трэцяга Рэйху. Гаворыць гісторык, прафесар Цэзары Круль.
- Сапраўды, Ганс Франк быў доктарам юрыспрудэнцыі, выпускніком Мюнхенскага ўніверсітэта. Дарэчы, быў добрым юрыстам. Ён закончыў універсітэт у 1922 годзе, і будучы яшчэ студэнтам, захапіўся нацыянал-сацыялістычным рухам, якому быў верны да канца жыцця. У 1926 годзе ён адкрыў адвакацкае бюро і часта дапамагаў нацыстам: даваў ім парады альбо бараніў іх у судах. У другой палове 1920-х гадоў быў дарадчыкам і адвакатам Адольфа Гітлера. І менавіта ў той час ён стаў адным з блізкіх паплечнікаў Гітлера, якому пазнейшы дыктатар давяраў.
Ганс Франк узначальваў генерал-губернатарства, сталіцай якога быў выбраны Кракаў, з пачатку стварэння ажно да канца – да студзеня 1945 года, калі немцам прыйшлося адступаць перад Чырвонай арміяй. Хоць фармальна ён пакінуў сваю пасаду толькі 4 мая 1945 года.
Цягам усёй службы ў Польшчы ён вёў дзённік, які пазней стаў важнай крыніцай на працэсе Франка. У 1947 годзе дзённік гітлераўскага злачынца Польшчы перадалі амерыканцы, а самога Франка прыгаварылі да смяротнага пакарання на Нюрнбергскім працэсы і павесілі ў кастрычніку 1946 года.
У Польшчы генерал-губернатарства ўспрымаецца як сімвал нямецкага тэрору, масавых расстрэлаў, знішчэння яўрэяў і прэлюдыі да вынішчэння польскай нацыі.
Валеры Саўко
рубрыка падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё
слухайце аўдыёфайл