Беларуская Служба

Палякі ахвотна далучаюцца да акцыі ратавання насякомых-апыляльнікаў

01.11.2019 09:10
Ужо сёмы раз «Грынпіс» ладзіць акцыю «Усынаві пчалу».
Аўдыё
.
.designerpoint/pixabay.com/CC0

Больш за 60 тысяч адаптаваных пчол паказвае лічыльнік на старонцы AdoptujPszczole.pl у палове грамадскай акцыі «Грынпісу». Сёлетняя, сёмая акцыя «Усынаві пчалу» прысвечаная асабліва тым пагрозам для насякомых-апыляльнікаў, якія вынікаюць са зменаў клімату. Кліматычны крызіс пагражае не толькі людзям, але і цэлай прыродзе, у тым ліку асабліва моцна пчолам і іншым апыляльнікам.

Штогод да акцыі «Усынаві пчалу» далучаюцца тысячы людзей, якія хочуць ратаваць гэтых насякомых. Нічога дзіўнага, кажуць эколагі, 1/3 зместу на нашых талерках ляжыць дзякуючы пчолам.

- Тэма ўплыву зменаў клімату на лёс апыляльнікаў яшчэ не распаўсюджаная, таму нас вельмі крануў водгук на наш заклік – больш за 60 тысяч усыноўленых пчол на працягу толькі трох тыдняў – гэта вынік, які паказвае, што палякі добра разумеюць, на колькі важную ролю ў жыцці чалавека адыгрываюць насякомыя-апыляльнікі, і хочуць разам з намі рабіць Польшчу больш прыязнай для пчол. Гэта вельмі важна, паколькі змены клімату, якія пагражаюць апыляльнікам, можна назіраць ужо цяпер. Гэта пацвярджаюць навукоўцы, – кажа Дамініка Сакалоўска з «Грынпісу Польшча».

Рост глабальнай тэмпературы і анамаліі, раптоўныя з’явы надвор’я прыносяць шэраг негатыўных для апыляльнікаў наступстваў. Адныя з раслін цвітуць раней, іншыя пазней, што можа выклікаць праблемы з харчаваннем. Карацейшая зіма выводзіць пчол з вулляў на палі, на якіх яшчэ нічога не цвіце. Праліўныя дажджы знішчаюць расліны і гнёзды апыляльнікаў. Працяглыя засухі ўскладняюць доступ да корму, спёка робіць працу насякомых немагчымай, а ў выніку ім пагражае голад. А гэта толькі адна доля праблемаў, які чакаюць чалавека.

- Сапраўдны апакаліпсіс адбываецца ў свеце, які для большасці людзей нябачны – у свеце бесхрыбетных. Навукоўцы вылічваюць, што біямаса насякомых змяншаецца штогод на 2,5%. Атрымліваецца, што праз дэкаду будзе іх менш на ¼, праз 50 гадоў на палову, а праз 100 гадоў на гэтай планеце не будзе ніводнага насякомага. Мы павінны памяняць функцыянаванне нашага свету. Перайсці на аднаўляльныя крыніцы энергіі. Трэба пачаць інакш вырабляць прадукты харчавання, інакш харчавацца. Прамысловая сельская гаспадарка, прамысловая жывёлагадоўля – трэба зачыніць гэты раздзел, – б’е трывогу прафесар Пётр Скубала з Сілескага ўніверсітэту ў фільме, падрыхтаваным «Грынпісам».

У сваю чаргу кандыдат навук Хайналка Шэнтгёргі з Ягелонскага ўніверсітэту тлумачыць, што павелічэнне тэмпературы, выкліканае зменамі клімату, як падчас развіцця, так і зімовай спячкі можа ў выніку выклікаць большую смяротнасць сярод пчол, таму гэта непасрэдна ўплывае на іх выжыванне:

- Уплываючы на нашую дзейнасць і змену клімату, мы можам у значнай ступені паўплываць на даўжэйшае жыццё насякомых-апыляльнікаў.

Насякомыя апыляюць не толькі нашыя палі. Іх роля значна большая – звяртае ўвагу кандыдат навук Паўліна Крамаж з Ягелонскага ўніверсітэту:

- Без апыляльнікаў цяжка сабе ўявіць, напрыклад, вырошчванне садавіны ці агародніны. Уявіце сабе свет без кветак. Такім будзе свет без насякомых-апыляльнікаў. Уявіце сабе агароды, дзе расце толькі трава. У сельскай гаспадарцы на прамысловым узроўні зазвычай выкарыстоўваецца празмерная колькасць пестыцыдаў, якія, між іншым, павялічваюць смяротнасць насякомых. Пэўна, жыццё без іх магчымае, але мала таго, што гэта значна абмяжуе нашае меню, уплываючы на здароўе, то збяднее таксама наш свет, знікне шмат прыгажосці.

Кожны хто хоча далучыцца да акцыі выбірае колькасць «усыноўленых» пчол. Адна пчала – гэта кошт 2 зл. У гэтым годзе сабраныя грошы будуць прызначаныя на працу навукоўцаў, якія апрацуюць стратэгію аховы насякомых-апыляльнікаў так, каб яшчэ ў большай ступені супрацьдзейнічаць негатыўным для апыляльнікаў наступствам змены клімату. Будуць створаныя мадэльныя прапановы для гарадской прыроды, каб паказаць, як гарады могуць лепш абараніць людзей і пчол ад небяспечных змен клімату. Адначасова «Грынпіс» дадае, што недастаткова толькі змагацца з наступствамі. Неабходна пазбавіцца ад прычыны змену клімату. А ў польскіх умовах – гэта ў першую чаргу вугальная энергетыка.


ав

Больш на гэтую тэму: Экалогія ў сучасным свеце