У польскіх гарадах кураць усе – нават тыя, хто ніколі не ўзяў у рукі цыгарэту, у тым ліку дзеці. Гэта адбываецца ў выніку дыхання забруджаным паветрам.
Польская смогавая трывога падвяла вынікі замераў якасці паветра ў Польшчы за апошні год. На гэты раз лідарам выкідаў у паветра канцэрагеннага бензапірэну з'яўляецца горад Новы Тарг у Малапольскім ваяводстве (1800% норм). У Пшчыне ў Сілезіі была найбольшая колькасць дзён, калі канцэнтрацыя часціц РМ10 перавышала нормы – жыхары гэтай мясцовасці дыхалі забруджаным паветрам ажно 1/3 году.
З апублікаванага рапарту можна зрабіць цікавы вывад: у Польшчы найбольш забруджаныя малыя і сярэднія гарады.
Бензапірэн, які трапляе ў паветра, выклікае рак. Польская смогавая трывога пералічыла канцэнтрацыю бензапірэну, якую ўдыхаюць жыхары розных гарадоў, на колькасць выкураных цыгарэт. Атрымалася, што жыхары Новага Таргу «выкурваюць» такім чынам ажно 22 «цыгарэты» штодзённа. Жыхары Закапанага і турысты – 10 «цыгарэт» у суткі.
Драматычная сітуацыя ў малых і сярэдніх гарадах вынікае са спальвання вугалю і дрэва ў гэтак званых капцілках, якія з’яўляюцца крыніцай цяпла ў больш як 4 мільёнах польскіх дамоў.
Пётр Сяргей з Польскага смогавай трывогі адзначае, што паветра ў Польшчы належыць да найбольш забруджаных сярод краін Еўразвязу.
- Калі гаворка ідзе пра канцэрагенны бензапірэн, то мы з’яўляемся непадважальнымі рэкардсменамі ўжо гадамі. Калі казаць пра смог, то мы таксама займаем першае ці другое месца ў Еўропе з году ў год. У Варшаве якасць паветра лепшая, чым у Кракаве. Гэта трэба прызнаць. Няма ажно такой канцэнтрацыі, як у Кракаве. Але гэта не азначае, што ў Варшаве смогу няма. Ён ёсць, асабліва ў раёнах на ўзбярэжжы гораду, як Вавэр, Урсус, Рэмбэртаў. Высокі ўзровень смогу ўтрымліваецца ў варшаўскай агламерацыі, дзе вельмі шмат прыватных дамоў, якія абаграваюцца вугалем і дрэвам. Кракаў вядзе сапраўды вельмі актыўную барацьбу са старымі катламі, гэтак званымі капцілкамі. На працягу апошніх 6 гадоў былі ліквідаваныя каля 36 тысяч штук. Гэта велізарная лічба. А вось у Варшаве ліквідацыя капцілак ідзе вельмі слаба. У год ліквідуецца 300-400 штук. Гэтай лічбы замала, каб праз тры гады ліквідаваць усе старыя катлы ў Варшаве ці ў Мазавецкім ваяводстве. У Мазавецкім ваяводстве дзейнічае антысмогавы закон, які абавязвае памяняць усе старыя катлы на працягу трох гадоў.
У Варшаве з пачатку абагравальнага сезону варшаўская муніцыпальная паліцыя прыняла каля тысячы паведамленняў аб магчымым спальванні смецця. Прэс-сакратар муніцыпальнай паліцыі ў Варшаве Славамір Смык кажа, што жыхары не застаюцца абыякавымі, калі з коміна суседзяў вылятае цёмны дым. Кожны зварот правяраецца:
- Не кожны выпадак муніцыпальнай паліцыяй пацверджаны. Функцыянеры зазіраюць у катлы і аказваецца, што ўладальнікі спальваюць дазволенае паліва. Напрыклад, абаграваюць дамы вугалем, які не забаронены на тэрыторыі Мазавецкага ваяводства.
Славамір Смык гаворыць, што муніцыпальная паліцыя сама, пры дапамозе беспілотнікаў таксама шукае дамы, дзе спальваюць смецце:
- Мы правяраем, што знаходзіцца ў дыме, які ідзе з коміна. На маніторах кампутараў функцыянеры муніцыпальнай паліцыі бачаць, што ўваходзіць у склад дыму. Калі ў дыме знаходзіцца фармальдэгід ці цяністы вадарод, то гэта амаль 100 працэнтаў, што ў катле спальваюцца смецці. У такім выпадку паліцыя заходзіць на тэрыторыю нерухомасці і правялае, што ўладальнік укінуў у печку.
Пётр Сяргей з Польскай смогавай трывогі расказвае, што прыезд муніцыпальнай паліцыі выклікае паніку:
- Калі ў наш раён прыязджае муніцыпальная паліцыя, то ў ваколіцы пачынаецца паніка – ездзіць смогабус. На ім ёсць такая высокая труба, якая вывучае дым з комінаў. Я не ведаю, якая рэальная эфектыўнасць гэтых бусаў, але калі казаць пра ўсведамленне, што вось ездзіць муніцыпальная паліцыя і вышуквае смог, гэта вялікі прагрэс. Падобны эфект выклікаюць дроны. Напрыклад, у Катавіцах ёсць беспілотнікі. Яны з’яўляюцца сапраўды эфектыўная прыладай. Адзін дрон пралятае над цэлым раёнам і вышуквае падазроны дым на комінах, а потым праводзіць аналіз, у выніку якога ёсць поўная ўпэўненасць, ці тут спальваюць смецце.
За спальванне смецця пагражае штраф у памеры 500-5000 злотых (120-1200 еўра). З 1 кастрычніка да 4 лістапада муніцыпальная паліцыя выставіла на тэрыторыі Варшавы 54 штрафы.
Функцыянеры падчас кантролю нагадваюць, што да студзеня 2023 году ў Мазавецкім ваяводстве павінны знікнуць катлы, якія не выконваюць нормаў па выкідах забруджванняў. У рамках праекту «Чыстае паветра» можна атрымаць даплату нават да 90% інвестыцыі.
У Мазавецкім ваяводстве нельга абаграваць дамы вугальным шламам, бурым вугалем і дрэвам вільготнасцю больш за 20%.
ав