На бягучым тыдні ў Варшаве прайшоў Польска-амерыканскі форум. У ім удзельнічалі амаль 200 чалавек, якія займаюцца ядзернай энергіяй у розных месцах свету. Адной з мэтаў гэтага форуму было вывучэнне магчымасцяў рэалізацыі энергетычнай палітыкі ўраду Польшчы. Яна прадугледжвае будову атамнай электрастанцыі ў Польшчы – гаворыць упаўнаважаны ўраду па справах стратэгічнай энергетычнай інфраструктуры Пётр Наімскі. Да 2043 году павінны быць збудаваныя некалькі рэактараў:
- Мы хочам, каб іх было шэсць. Хочам, каб прыкладна 20% польскай электраэнергіі паходзілі з АЭС. Гэта неабходнасць, паколькі мы павінны выконваць кліматычную палітыку Эўразвязу, паніжаць выкіды вуглякіслага газу. Атамныя электрастанцыі, як і ветравыя, не выкідваюць у паветра СО2. Неабходна разбудоўваць гэтыя сектары для таго, каб мы маглі, утрымліваючы стандарты кліматычнай еўрапейскай палітыкі, утрымаць у перспектыве 20-25 гадоў вытворчасць энергіі з вугалю.
Пётр Наімскі пераконвае, што альтэрнатыўных крыніц энергіі не хопіць, каб забяспечыць Польшчу энергіяй:
- Гэтага не хопіць, паколькі аднаўляльныя крыніцы энергіі залежаць ад вонкавых умоваў – ад клімату, ад ветру, ад сонца. Нам патрэбная вытворчасць сталай, спакойнай, стабільнай электраэнергіі. Усё гэта дае атамная электрастанцыя. А ў доўгай перспектыве функцыянавання, гаворка пра 50-60 гадоў існавання такой АЭС, электрычнасць з такой электрастанцыі будзе самай таннай у параўнанні з іншымі тэхналогіямі. Польшчы гэта патрэбна. Цяпер мы знаходзімся на этапе вельмі дакладнага вывучэння даступных тэхналогіяў.
Пётр Наімскі адзначыў, што польскі бок шукае ўзоры АЭС, якія ўжо дзейнічаюць. З гэтага пункту гледжання амерыканскія тэхналогіі прыцягальныя.
- Калі амерыканцы будуюць такія АЭС у сябе, то можна сказаць, што іх эфектыўнасць даказаная. У Амерыцы новыя станцыі будуць уведзеныя ў эксплуатацыю ў 2021-2022 гадах. З іншага боку, мы шукаем партнёра, які будзе ўдзельнічаць у польскім праекце з моманту праектавання, у будове, у эксплуатацыі многімі дзесяцігоддзямі, ажно да моманту яе ліквідацыі.
Польскі ўрад хоча, каб у будове АЭС удзельнічалі таксама польскія фірмы. Ёсць шмат прадпрыемстваў, якія маюць адпаведныя кампетэнцыі.
- Хутчэй за ўсё, у выпадку будовы першага рэактара ўдзел польскіх фірмаў можа складаць каля 40%, але з кожным наступным гэты ўдзел будзе расці ажно да 70, а нават да 80%. Такім чынам, гэта доўгатэрміновая перспектыва развіцця польскіх фірмаў, якія будуць здабываць найлепшыя кампетэнцыі.
Пасля досведу Чарнобыля грамадства з бояззю ставіцца да тэхналогіі ядзернай энергетыкі. Упаўнаважаны ўраду па справах стратэгічнай і энергетычнай інфраструктуры пераконвае, што боязі з’яўляюцца няслушнымі.
- Ядзерная энергетыка ў цяперашні момант з’яўляецца адным з найбольш бяспечных спосабаў вытворчасці электраэнергіі. Калі казаць пра падыход грамадства, то вывучэнне грамадскай думкі сведчаць пра тое, што большасць палякаў не супраць гэтага напрамку развіцця.
Гаворачы пра атамныя электрастанцыі часта чуваць аргумент, што яны выпускаюць экалагічна чыстую энергію. Гэта, аднак, не зусім праўда. Навукоўцы звяртаюць увагу, што ніводная крыніца энергіі не з’яўляецца цалкам бяспечнай для навакольнага асяроддзя.
АЭС не выклікаюць зменаў клімату, паколькі не выкідваць вуглякіслага газу ў паветра. Усё ж атамныя электрастанцыі іншым чынам адмоўна ўплываюць на навакольнае асяроддзе. Самай важнай праблемай з’яўляецца ўтылізацыя і складзіраванне ядзерных адкідаў. Па-другое, эколагі звяртаюць увагу на яшчэ адну праблему АЭС – для студжэння рэактараў патрэбная велізарная колькасць вады, запасы якой у Польшчы невялікія.
ав