Беларуская Служба

23 лістапада 1906 году на свет з'явілася «Наша Ніва»

23.11.2019 17:44
Заснавальнікамі газеты былі амаль тыя самыя асобы, якія стваралі «Нашу Долю».
Аўдыё
  • 23 лістапада 1906 году пачалося выдавецтва газеты «Наша Ніва»
  1906
Наша Ніва 1906wikipedia.org


Спробы наладзіць выпуск нацыянальнага друкаванага органу (беларускай газеты) заўсёды сустракаліся з моцным супрацівам царскіх уладаў. Першая такая газета «Наша Доля» пасля чатырох выпускаў была зачынена. Хаця была штуршком для далейшай дзейнасці беларускай інтэлігенцыі.

Новым крокам было выданне газеты «Наша Ніва», якое пачалося 23 лістапада 1906 году. Газета фактычна сталася сімвалам беларускасці, рупарам беларускай культуры і палітычнай думкі. Нават адозва на першай старонцы мела патрыятычны сэнс: «Хто жадае лепшай долі беларускаму народу няхай выпісвае, чытае сам і шырыць між людзей, беларускую газету».
Звычайны тыраж газеты складаў 4,5 тысячы асобнікаў.

Наша Ніва 1906 Наша Ніва 1906

Заснавальнікамі газеты былі амаль тыя самыя асобы, якія стваралі «Нашу Долю» - Беларуская сацыялістычная грамада (Іван і Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Алаіза Пашкевіч). У розныя часы рэдактарамі газеты былі Янка Купала, Якуб Колас, Вацлаў Ластоўскі. Але яна была больш прафесійнай і мела каля 3 тыс. сталых і часовых карэспандэнтаў і аўтараў у самой Беларусі і за яе межамі.

Газета была менш радыкальнай і на пачатку сканцэнтраванай на падтрымцы і распаўсюджанні беларускай мовы і культуры. На яе старонках друкаваліся вершы і аповесці. Таму царская паліцыя ставілася больш менш спакойна да гэтага выдання. Цэнзурай і кантролем за газетай займалася Віленскі ахоўны аддзел. Але пасля 1908 году змест газеты пачаў змяняцца, на яе старонках з’яўляліся крытычныя тэксты, што прыводзіла да канфіскацыі накладаў. «Наша Ніва» за ўвесь час свайго існавання заставалася на пазіцыях сацыял-дэмакратыі, але падтрымлівала рэвалюцыйны характар палітычных зменаў.

Фактычна ў межах газеты фарміраваліся стандарты беларускай мовы

«Наша Ніва» стварыла ўмовы для фарміравання і распаўсюду творчасці беларускіх песняроў, напрыклад, на старонках газеты было апублікавана 170 вершаў Янкі Купалы, 125 вершаўЯкуба Коласа.
Не гледзячы на культурніцкую скіраванасць, газета падпадала пад царскі ціск за публікацыі крытычных артыкулаў. Газету абкладалі штрафамі, а адзін з яе рэдактараў Уласаў быў арыштаваны. У 1915 годзе пачаўся судовы пераслед Янкі Купалы.
Па прычыне вайны і набліжэння немцаў да Вільні,  дзе выдавалася газета, яе дзейнасць была спынена.
У 1920 годзе ў Вільні была спроба аднавіць газету «Наша Ніва», газета праіснавала 2 месяцы, і галоўным чынам апісвала падзеі, звязаныя з савецка-польскай вайной і падзелам тэрыторыі Беларусі.

У 1991 годзе ў перыяд упадку СССР беларуская інтэлігенцыя вярнулася да ідэі беларускай нацыянальнай газеты і ў Вільні пачала ізноў выходзіць «Наша Ніва». Яе рэдактарам стаў Сяргей Дубавец.

Павал Усаў 

Больш на гэтую тэму: Лісток каляндара