У краінах Заходняй Еўропы вельмі цэняць жанчын з Беларусі, Расіі ці Украіны. Яны лічацца прыгожымі, добрымі, выдатнымі маці і жонкамі. Нельга таго ж сказаць пра беларускіх мужчын, якія хутчэй пасіўныя і не заўсёды ўмеюць паклапаціцца пра сваю сям’ю.
Гэта, канешне, стэрэатып, але, як у кожным стэрэатыпе, ёсць тут зярня праўды. Таму нямала беларускіх жанчын шукае шчасця і партнёра на жыццё за мяжою – у Польшчы, Германіі, Францыі, Італіі ці ЗША.
У Гродне ўжо шмат гадоў працуе Міжнароднае агенцтва знаёмстваў «Гіменей», якое шукае партнёраў за мяжой для беларусак. Польская журналістка Агнешка Вуйціньска (Agnieszka Wójcińska) напісала рэпартаж пра кліентак агенцтва, якіх мужчын яны шукаюць, і чаму не адпавядаюць ім беларускія мужчыны. Мы спыталі Агнешку, якія рысы ў мужчынах найбольш пажаданыя.
- Гаворка ідзе пра тое, каб мужчына браў актыўны ўдзел у жыцці сям’і, каб ён умеў аказваць жанчыне свае пачуцці, каханне. Закаханы мужчына, на думку жанчын, павінен паказваць сваю любоў жэстамі, дробнымі падарункамі. На думку маіх суразмоўцаў, многія беларускія мужчыны не ўмеюць гэтага рабіць. Пры гэтым яны адзначалі, што іх знаёмыя, якія звязаліся з палякамі, кажуць, што польскія мужчыны гэта ўмеюць.
Тым не менш, многія полькі таксама скардзяцца на польскіх мужчын, напрыклад, на тое, што яны яшчэ не даспелі да поўнага партнёрства ў сям’і. У Польшчы, асабліва ў вялікіх гарадах, большая частка жанчын вядзе прафесійную дзейнасць, і пры гэтым яны ж пераважна займаюцца домам і дзецьмі.
- Мне здаецца, што ў Польшчы гэта мяняецца. На пэўна ў вялікіх гарадах мяняецца ўзор мужчыны. Жанчыны пераглядаюць свой падыход да сям’і, да роляў партнёраў у сям’і, таму паступова іншым становіцца таксама ўзор ідэальнага мужчыны, мужа, таты. Я гэта бачу ў маім бліжэйшым асяроддзі, напрыклад, сярод бацькоў, якіх сустракаю ў дзіцячым садку маіх дзяцей, у школе. Польскія мужчыны ўсё часцей прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сям’і, не толькі прыносяць дадому заробленыя грошы, але таксама бяруць на сябе частку хатніх абавязкаў, займаюцца дзецьмі, ведаюць, дзе ляжыць вопратка дзяцей, ведаюць, як іх абслужыць, часам ходзяць з імі да лекара. Некаторыя мужчыны вараць ежу, робяць пакупкі, гэта значыць, робяць частку дамашняй працы, дзякуючы чаму жанчыны перасталі браць усё на сябе.
У рэпартажы вы пішаце, што шмат беларускіх жанчын, якія вырашылі шукаць кандыдата на мужа за мяжой, казалі таксама пра боязь трапіць на беларускага мужчыну, які акажацца п’яніцай. Шмат беларускіх мужчын спажывае алкаголь у празмернай колькасці, гэта істотная сацыяльная праблема.
- Канешне, гэта так. Праўда, і ў Польшчы мужчыны п’юць шмат алкаголю, і многія п’юць зашмат, такіх мужчын нямала, таксама ў краінах Заходняй Еўропы ёсць п’яніцы. Аднак усё ж такі ў Польшчы гэтая праблема не мае такога маштабу, як у Беларусі. Але, трэба сказаць, што ў размовах з кліенткамі агенцтва знаёмстваў не гэтая праблема была на першым месцы. Перш за ўсё жанчыны падкрэслівалі, што яны хацелі б адчуваць, што мужчына іх кахае, каб хаця б падаў каву ў ложак. Каб было як у кіно, хаця гэта, можа, крыху смешна гучыць. Жанчыны хацелі б адчуваць, што мужчына зацікаўлены адносінамі, а не абсалютна пасіўны, а менавіта так казалі пра сваіх партнёраў ці былых партнёраў мае суразмоўцы.
Чаму беларускія мужчыны часта аказваюцца не вельмі добрымі кандыдатамі ў мужы, паколькі многія беларускія жанчыны скардзяцца, што яны не хочуць актыўна ўключацца ў жыццё сям’і, займацца дзецьмі, праяўляць ініцыятыву, клапаціцца пра сваіх блізкіх так, як робяць многія мужчыны на захадзе. У чым тут справа і дзе прычына?
- Шукаючы адказ на гэтае пытанне, я размаўляла з сацыёлагамі, асобамі, якія займаюцца пытаннямі беларускага грамадства з навуковага пункту гледжання. Яны мне казалі пра розныя прычыны. Неабходна вярнуцца шмат гадоў назад, у пасляваенныя часы, калі загінула шмат мужчын. У выніку, па-першае, не хапала мужчынскага прыкладу для хлопчыкаў, а па-другое, дзеці мужчынскага полу намнога больш цаніліся, чым дзяўчынкі, таму маткі іх больш распешчвалі, менш патрабавалі, чым ад дачок. Цяперашняя дзяржаўная сістэма таксама не спрыяе актыўнасці мужчын, скажам, размеркаванне вельмі адмоўна на яе ўплывае. Гэта выклікае агульную пасіўнасць і жыццёвую апатыю.
Пра тое, якіх мужчын шукаюць беларускія жанчыны за мяжою Беларусі, распавяла Агнешка Вуйціньска, аўтарка рэпартажу пра кліентак агенцтва знаёмстваў «Гіменей».
нг