Беларуская Служба

У святочныя дні памятайце пра самотных людзей, ім патрэбная ваша ўвага

24.12.2019 09:00
Цяжка быць аднаму на святы, калі няма з кім падзяліцца аплаткай, сесці за святочны стол.
Аўдыё
zdjęcie ilustracyjne
zdjęcie ilustracyjneshutterstock.com/Warpboyz

Святы Раства Хрыстовага – гэта самае радаснае хрысціянскае свята, яно таксама носіць выключна сямейны характар. Аднак ёсць адзінокія асобы, пра якіх нельга забываць.

У гэты час, асабліва ў Польшчы, людзі сустракаюцца са сваймі блізкімі, роднымі людзьмі ў коле сям’і, некаторыя бачацца з далёкімі сваякамі толькі адзін раз у год, менавіта на свята Божага нараджэння.

На жаль, здараецца, што чалавек жыве адзін, у яго няма сваякоў, блізкіх сяброў, нікога, хто мог бы яго запрасіць правесці разам святы або прыйсці да яго ў гэты выключны час. Самотныя людзі бываюць у кожнай узроставай катэгорыі, але часцей за ўсё гэта пажылыя асобы, у якіх ужо памерлі муж ці жонка, адышлі іншыя блізкія сваякі і сябры, а далёкія суродзічы не заўсёды цікавяцца лёсам такога чалавека.

Цяжка быць аднаму на святы, калі няма з кім падзяліцца аплаткай, сесці за святочны стол. Каб пажылыя людзі не адчувалі сябе вельмі адзінокімі ў святы, клапоцяцца валанцёры з Таварыства малыя браты Ўбогіх (Stowarzyszenie mali bracia Ubogich). Яны наведваюць адзінокіх асоб у пажылым узросце, стараецца ліквідаваць стэрэатыпы на тэму старасці, паведамляць жыхарам Польшчы пра цяжкую сітуацыю пажылых людзей у краіне. Вось як адзін з падапечных таварыства, пан Станіслаў, заахвочвае памятаць пра старэйшых людзей.

- Добры дзень, я цешуся, што вы мяне чуеце. Я такі самотны, нават на святы мне няма каго віншаваць. Дазвольце, што я павіншую вас! Я вам жадаю, каб навокал вас заўсёды былі блізкія людзі.

Спадар Станіслаў – не толькі дыктар, які выступіў у гэтым роліку. Ён сапраўды адзінокі чалавек, якому вельмі патрэбны кантакт, размова з іншым чалавекам. Пра яго распавядае валанцёрка Таварыства малыя браты Ўбогіх Яанна Мельчарэк.

- Гэта пенсіянер, які быў акторам Нацыянальнага тэатру ў Варшаве, пан Станіслаў. Гэта вельмі цікавая гісторыя. Калі я з ім сустрэлася і паказала яму сцэнар нашага запісу, ён сказаў, што яму не трэба граць, паколькі ён усё гэта разумее, разумее, што значыць быць адзінокім. Некалькі гадоў таму памерла яго жонка, ён застаўся адзін. Калі мы запісвалі гэты ролік, то ўсе людзі, якія яго слухалі, мелі слёзы ў вачах. Гэта ўжо вельмі пажылы чалавек, з выключна багатай і цікавай біяграфіяй. Мы ўсе ахвотна яго слухалі, цікавыя гісторыі з яго жыцця. Нам яны так падабаліся, што мы нават спрачаліся, хто наступны будзе яго слухаць.

У кожнай краіне, у кожным горадзе ці меншым населеным пункце ёсць людзі, якія могуць расказаць нешта цікавае, падзяліцца з іншымі гісторыяй свайго жыцця. Часта пажылым асобам здаецца, што ў моладзі свае справы, яны занятыя, у іх няма часу, каб прыйсці да старыка, пасядзець з ім, папіць чай, паразмаўляць. Вельмі радуе, што ёсць маладыя людзі, валанцёры, якія цікавяцца самотнымі пажылымі. Валанцёрка Ўршуля Забельска жыве ў Любліне, але часта сустракаецца са сваймі падапечнымі таксама ў гарадах Свіднік і Пулавы.

- Я там сустракаюся з пажылымі асобамі, якія часта падкрэсліваюць, наколькі ім патрэбны такі сябар, нават калі гэта толькі валанцёр. І што гэта вельмі прыемна, калі яны могуць сустрэцца з іншым чалавекам, паразмаўляць, так звычайна. Часта ў іх няма іншай магчымасці сустрэцца з другім чалавекам, і паразмаўляць з ім, каб нехта іх паслухаў.

Па словах Уршулі Забельскай, усход Польшчы – гэта даволі спецыфічнае месца. Справа ў тым, што вельмі шмат маладых людзей выязджае адтуль у цэнтральную або заходнюю частку Польшчы, у вялікія гарады, а таксама выязджаюць за мяжу. Пажылыя людзі застаюцца самі. Таму асабліва важна, каб знайшліся валанцёры, якія наведваюць такіх старэйшых людзей. Валанцёры не толькі дапамагаюць старэйшым людзям зрабіць дробныя пакупкі ці дапамагчы па хатніх справах. Перш за ўсё, яны становяцца сябрамі такіх адзінокіх людзей, якія прыходзяць у госці да самотных, клапоцяцца пра іх здароўе і псіхічны стан. Валанцёры стараюцца рэгулярна сустракацца са сваймі падапечнымі, размаўляць з імі, запрашаюць у тэатр, на выставы, ходзяць на прагулкі. Часам таксама ладзяць кароткія экскурсіі за горад або сустрэчы з іншымі пажылымі самотнымі асобамі.

І Пр. ПР/нг