Ужо амаль дзесяцігоддзе палякі могуць цешыцца свабодным днём 6 студзеня. У 2011 годзе свята было вернутае ў каляндар свабодных ад працы дзён. У даваенны перыяд жыхары дзяржавы таксама маглі адпачываць у дадзенае рэлігійнае свята, але пазней яно было адмененае ў рамках барацьбы з рэлігіяй камуністычных уладаў Польшчы.
Дзякуючы вяртанню свабоднага дня ў свята Трох каралёў 6 студзеня, з размахам вярнулася таксама традыцыя арганізацыі шэсцяў Трох каралёў у гэты дзень. І заваёўвае ўсё большую папулярнасць. У памяць пра наведвання трыма каралямі (або інакш – мудрацамі) нованароджанага Ісуса, у Польшчы, а таксама некаторых іншых гарадах ладзяцца адмысловыя шэсці па вуліцах гарадоў, падчас якіх мудрацы раздаюць дзецям цукеркі. Мудрацы едуць пакланіцца Ісусу Хрысту, разам з імі ідуць жыхары гарадоў, спяваючы калядкі. Усе ўдзельнікі каляровага шэсця атрымліваюць спеўнікі і адмысловыя кароны з паперы.
Сёлета ў Польшчы ў шэсцях Трох каралёў удзельнічала рэкордная колькасць людзей. Спрыяў гэтаму не толькі свабодны ад працы дзень, але таксама добрае надвор’е з адносна высокай тэмпературай для дадзенай пары году. Па ўсёй Польшчы ў шэсцях удзельнічала каля аднаго мільёна трохсот тысяч людзей. Сёлета шэсці былі зладжаныя ў прыкладна дзевяцістах населеных пунктах – як у Польшчы, так і на свеце. Чарговы рэкорд колькасці ўдзельнікаў быў пабіты ў Варшаве. Па цэнтральных вуліцах польскай сталіцы прайшло каля 90 тыс. людзей.
Шэсці з нагоды свята Трох каралёў ладзіцца ў Польшчы ўжо 12 гадоў. Па словах прэс-сакратара арганізатара падзеі Яланты Стахач, шэсці карыстаюцца ўсё большай папулярнасцю сярод палякаў.
- Мы вельмі цешымся, што расце колькасць населеных пунктаў, якія далучаюцца да падзеі. У гэтым годзе лік гарадоў, дзе ладзяцца шэсці, павялічыўся на 120. Адпаведна, і ўсё больш людзей выходзіць 6 студзеня на вуліцу, якія хочуць святкаваць, радавацца разам з іншымі жыхарамі і разам са сваймі блізкімі, якія хочуць калядаваць. З аднаго боку, гэта адносна маладая ініцыятыва, але яе можна ўжо назваць традыцыяй. Мы вельмі часта чуем, што людзі ўжо не ўяўляюць сабе 6 студзеня без удзелу ў шэсці. І нас гэта вельмі радуе.
Падчас свята Трох каралёў адбываліся не толькі шэсці з удзелам артыстаў або іншаземцаў, пераапранутых за ўсходніх мудрацоў, але таксама канцэрты, прысвечаныя радаснай падзеі – гадавіне нараджэння Божага сына. У Варшаве з каляднымі песнямі выступілі выканаўцы Студыі песні Тэатру Польскага радыё, якія разам з іншымі песнярамі парадавалі жыхароў сталіцы і гасцей Варшавы кампазіцыямі на калядную тэматыку. Гледачы былі ў захапленні ад канцэрту.
- Выдатна, проста выдатна. Мы спявалі, разам радаваліся, мы вельмі задаволеныя.
Гэты канцэрт даў мне шмат пазітыўнай энергіі. Цяпер такі час, што мы ўсе разам павінны спяваць калядкі.
Мне вельмі падабаўся гэты канцэрт, я зусім не адчуваў часу, якога нямала прайшло. Тры разы праспявалі разам калядную песню пра малога Ісуса «Ой, маленькі», гэта, бадай, самая прыгожая калядка. Я калядую, калі ёсць нагода, супольнае калядаванне дае пачуццё сувязі з іншымі, адзінства, яднае людзей.
Лозунгам сёлетніх шэсцяў Трох каралёў была цытата з адной з калядных песняў «Цуды, цуды аб’яўляюць». Арганізатары падкрэсліваюць, што важнейшая мэта шэсцяў Трох каралёў – дэманстрацыя прывязанасці да хрысціянскіх каштоўнасцяў і жыцця паводле асноўных прынцыпаў веры.
Шэсці на свята Трох каралёў адбыліся ў 872 населеных пунктах па ўсёй Польшчы, а таксама ў 21 мясцовасці паза межамі дзяржавы. Урачыстасць прайшлі, між іншым, у Чыкага ды Мюнхене.
ІАР/нг